Ау́н Сан (13 лютага 1915, г. Намаў, М’янма — 19 ліпеня 1947) — палітычны дзеяч, нацыянальны герой М’янмы (былой Бірмы). Генерал.
Скончыў Рангунскі ўніверсітэт. З 1938 года адзін з кіраўнікоў антыкаланіяльнай палітычнай арганізацыі «Наша Бірма». У Другую сусветную вайну галоўны арганізатар Арміі незалежнасці Бірмы (1942), міністр абароны ва ўрадзе, створаным японскімі акупацыйнымі ўладамі (з 1943). Нелегальна наладзіў кантакты з антыяпонскім Рухам Супраціўлення і ўзначаліў Антыфашысцкую лігу народнай свабоды. Кіраваў антыяпонскім паўстаннем у 1945 годзе, барацьбой за вызваленне краіны ад брытанскага панавання (1945—1947). У 1946—1947 гадах віцэ-старшыня Выканаўчага савета пры брытанскім губернатары. Заключыў з брытанскім урадам дагавор аб незалежнасці Бірмы (1947). Забіты тэрарыстамі.
Яго дачка Аун Сан Су Чжы (нар. 1945) стала вядомым палітычным дзеячам, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1991).