Атрэ́к (перс.: اترک), Селяха, Суляха — рака ў Іране і Туркменістане, упадае ў Каспійскае мора.
Даўжыня ракі 669 км. Плошча горнай часткі басейна 27 300 км². Выток ракі знаходзіцца ў Туркмена-Хорасанскіх гарах у раёне горада Заукафан. На тэрыторыі Ірана працякае ў вузкай даліне. Упадае ў заліў Гасан-Кулі ў паўднёвай частцы Каспійскага мора, утварае забалочаную дэльту. Вада ракі разбіраецца на арашэнне, у выніку чаго яна дасягае мора толькі ў час паводкі. Сярэдні расход вады каля горада Кізіл-Атрэк складае каля 9,2 м³/с.
Асноўны прыток — рака Сумбар (справа).