Атрады народнай самаабароны (курд.: Yekîneyên Parastina Gel, YPG) — баявое крыло Курдскага вярхоўнага камітэта, якое непасрэдна ўдзельнічае ў сірыйскім узброеным канфлікце. Афіцыйна YPG не звязаны з якой-небудзь пэўнай палітычнай партыяй[2], але дэ-факта з’яўляюцца ў першую чаргу баявым крылом PYD.[3] Сваёй асноўнай задачай YPG ставяць падтрыманне правапарадку і абарону жыццяў грамадзян у рэгіёнах Сірыі, населеных пераважна курдамі.[4]
Станам на снежань 2012 г., YPG складаліся з 8 брыгад. Тады ж Саліх Муслім Мухамад ацаніў агульную колькасць байцоў YPG у 10 тысяч[5]; на канец вясны 2013 г. іх колькасць ацэньваецца ў 15 тысяч[6]. Акрамя курдаў, у радах YPG сустракаюцца таксама арабы, якія расчараваліся ў Свабоднай сірыйскай арміі і дэзерціравалі з яе.[7] Як і ў выпадку з пешмерга, сярод байцоў YPG даволі шмат жанчын; у тым ліку ў лютым 2013 года ў горадзе Афрын быў створаны першы цалкам жаночы батальён.[8] Члены атрадаў YPG выбіраюць сваіх камандзіраў прамым дэмакратычным галасаваннем, што родніць YPG з праектамі народнага апалчэння, прапанаванымі тэарэтыкамі анархізму. Паводле слоў байцоў YPG, такім чынам яны дыстанцуюцца ад якой-небудзь партыйнай палітыкі (на гэты момант падобная сістэма не выкарыстоўваецца ніводнай курдскай партыяй), і пазіцыянуюць сябе як «дэмакратычнае народнае апалчэнне».[2]
Удзел YPG у сірыйскім канфлікце пачалося з сутыкненняў з урадавымі войскамі ў горадзе Кабані ўлетку 2012 года.[4] Ужо ў канцы таго ж года YPG кантралявалі мноства населеных пунктаў на поўначы Сірыі, у тым ліку г.Кабані, Амуда, Афрын і 360 вёсак у яго наваколлях.[9] Пачынаючы з мая 2013 г., YPG таксама вядуць актыўную барацьбу з баявікамі ССА і ісламістамі, выступаючы ў ролі «трэцяй сілы» ў канфлікце.[10][11]
З 2014 года, YPG супрацоўнічае са Свабоднай сірыйскай арміяй у барацьбе з ІДІЛ. YPG таксама ўваходзіць у аперацыйны пакой FSA - Еўфрацкі Вулкан. У лютым 2015 года YPG падпісаў пагадненне з Фронтам Леванта ў Алепа[12].