Астраве́цкі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Малі.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Астравецкага раёна Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Астравец. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 25 красавіка 1958 года скасаваны, населеныя пункты перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Астравецкага пассавета.
11 лютага 1972 года Дравяніцкі сельсавет перайменаваны ў Астравецкі, цэнтр сельсавета перанесены ў гарадскі пасёлак Астравец, у склад сельсавета перададзены 5 населеных пунктаў (Задворнікі, Палушы, Расолы, Сяржанты, Чырвоны Бор) Гудагайскага сельсавета, 3 населеныя пункты (Мікшаны, Трайгі, Юзафова) Ізабелінскага сельсавета, а таксама 6 населеных пунктаў (Дзірмуны, Едаклані, Кавалі, Ліпнішкі, Малі, Філіпаны), якія знаходзіліся ў адміністрацыйным падпарадкаванні Астравецкага пассавета[1]. 17 лістапада 1986 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Ізабелінскага сельсавета, а 23 населеныя пункты перададзены ў склад Гудагайскага сельсавета. 12 студзеня 2008 года цэнтр сельсавета быў перанесены з гарадскога пасёлка Астравец у вёску Малі[2]. 11 лістапада 2011 года была ліквідаваная вёска Міклі[3].
26 лютага 2013 года сельсавет быў скасаваны, населеныя пункты Ажуройсці, Баяры, Вялікія Якентаны, Дайлідкі, Малыя Якентаны, Міжаны, Мілайшуны, Новыя Якентаны, Падпруддзе, Субялі, Свіршчына, Тракелі, Юзуліна перададзеныя ў склад Гервяцкага сельсавета; населеныя пункты Альгіняны, Гуры, Дзірмуны, Едаклані, Ізабеліна, Келёйці, Ліпнішкі, Малі, Мацканы, Навікі, Радзюлі, Філіпаны перададзеныя ў склад Гудагайскага сельсавета; вёскі Бялькішкі і Кавалі ўвайшлі ў склад горада Астравец[4].
Паводле перапісу 2009 года насельніцтва сельсавета складала 1960 чалавек[5], з іх 94,3 % — беларусы, 2,4 % — палякі, 1,9 % — рускія[6].