Аслан Фархадавіч Везіраў (13 снежня 1910, с. Зюмюрхач, Бардзінскі раён, Азербайджан — 18 мая 1988, Баку) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944).
У 12 гадоў стаў курсантам Закаўказскай ваенна-падрыхтоўчай школы (1922—1928), затым курсантам Ленінградскага ваенна-інжынернага вучылішча (1928—1930). Пасля заканчэння вучылішча служыў спачатку ў Баку, затым у Кіеўскай і Харкаўскай акругах.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Заходнім і Паўночна-Каўказскім франтах. З ліпеня 1943 года палкоўнік А. Ф. Везіраў узначаліў 51-ю Чырвонасцяжную інжынерна-сапёрную брыгаду ў складзе 3-га Украінскага фронта. У 1944—1945 гадах — камандзір 1-й гвардзейскай інжынерна-сапёрнай брыгады 2-га Беларускага фронта, якая фарсіравала Дняпро ў раёне Магілёва і ўдзельнічала ў вызваленні горада. За выдатныя баявыя дзеянні брыгада атрымала найменне «Магілёўскай».
Дэмабілізаваўшыся з радоў Чырвонай Арміі ў 1947 годзе, гвардыі палкоўнік А. Ф. Везіраў працаваў на розных пасадах у народнай гаспадарцы. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Азербайджанскай ССР, узначальваў рэспубліканскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. З 1964 года старшыня Бакінскай секцыі Савецкага камітэта ветэранаў вайны. Вёў вялікую грамадскую работу па выхаванню маладога пакалення.
Герой Савецкага Саюза (1945). Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава 2-й ступені, Багдана Хмяльніцкага 3-й ступені, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
4 красавіка 1986 года быў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва»[1].