wd wp Пошук:

Арына Сяргееўна Сабаленка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сабаленка.

Ары́на Сярге́еўна Сабале́нка (5 мая 1998, Мінск, Беларусь) — беларуская прафесійная тэнісістка; пераможца трох турніраў WTA ў адзіночным разрадзе, фіналістка Кубка Федэрацыі (2017) у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.

Агульная інфармацыя

Нарадзілася 5 мая 1998 года ў Мінску. Бацька — Сяргей Сабаленка (1975—2019), былы хакеіст[1], маці — Юлія Сабаленка[2]. Мае малодшую сястру Антаніну[2].

Займацца тэнісам пачала ў Беларусі пад уплывам бацькі[1]. Першым спаборніцтвам, дзе ў 12-гадовым узросце перамагла Сабаленка, стала адкрытае першынство СДЮШАР. У 13 гадоў тэнісістка стала найлепшай на турніры ГЦАР і адкрытым рэспубліканскім турніры на прызы РЦАП па тэнісе. Да пераходу на дарослы ўзровень у 2014 годзе Сабаленка перамагла яшчэ на чатырох дзіцячых турнірах. Аднак нізкі юніёрскі рэйтынг не даваў магчымасці Арыне адбірацца на юніёрскія турніры серыі Вялікага шлема. Таму яна пачала набіраць вопыт на дарослых турнірах Міжнароднай федэрацыі тэніса. Восенню 2015 года Сабаленка ўпершыню выйграла два турніры-«дзесяцітысячнікі» ў Анталлі, а ў снежні таго ж года перамагла на «25-тысячніку» ў Пуне (Індыя).

Вучылася на завочным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры на спартыўна-педагагічным факультэце спартыўных гульняў і адзінаборстваў. Аддае перавагу агрэсіўнаму сілавому тэнісу з кароткімі розыгрышамі — у тры-чатыры ўдары. Часта выконвае эйсы. Па гульнявой манеры падобная з Серэнай і Вінус Уільямс. Паводле ацэнкі старшыні Беларускай тэніснай федэрацыі Аляксандра Шакуціна, байцоўскія якасці Сабаленка пераважаюць над яе фізічнай формай, дзякуючы чаму яна «можа выйграваць, здавалася б, абсалютна безнадзейныя матчы». Падрыхтоўкай тэнісісткі займаліся трэнеры Сяргей Аляксандраў, Таццяна Пучак, Уладзімір Пярко, з якім Сабаленка ў маі 2016 года ў кітайскім Цяньцзіне выйграла свой першы буйны міжнародны турнір WTA. Пазней займалася са спарынг-партнёрам Антонам Дубровым і трэнерам па фізпадрыхтоўцы Вадзімам Сашурыным, у мінулым чэмпіёнам свету па біятлоне. З 2016 года трэніравалася ў расійскага спецыяліста Халіла Ібрагімава. Бурны прагрэс Сабаленка пацвярджаў такі факт: за тыдзень падрыхтоўкі да матчу з камандай Швейцарыі тэнісістка павялічыла хуткасць уводу мяча ў гульню на 25 км/г[3].

Па стане на 2020 год, жыла і трэніравалася ў Мінску.

Спартыўная кар’ера

Прафесійную кар’еру пачала ў 2016 годзе.

У 2017 годзе на дэбютным турніры Вялікага Шлему атрымала перамогу ў 1-м коле, аднак у наступным выбыла з барацьбы. На адкрытым чэмпіянаце Ташкента па тэнісе ўпершыню дайшла да паўфіналу турніраў ЖТА, па шляху перамогшы 3-ю сеяную, 53-ю ракетку свету Тацяну Марыю. У кастрычніку 2017 упершыню прабілася ў фінал турніру WTA (у кітайскім Цяньцзіне), дзе аднак саступіла Марыі Шарапавай. Пасля гэтага Арына Сабаленка ўпершыню ў сваёй кар’еры ўвайшла ў топ-100 сусветнага тэніснага рэйтынгу і стала першай ракеткай Беларусі. Пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Мумбаі Арына Сабаленка скончыла сезон на 73-й пазіцыі рэйтынгу.

У красавіку 2018 года Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры ўвайшла ў топ-50 сусветнага рэйтынгу. Гэта адбылося пасля ўдалага выступлення на турніры ў швейцарскім Лугана, дзе беларуска дайшла да фіналу.

25 жніўня 2018 года Арына заваявала першы ў кар’еры тытул на турнірах катэгорыі «Прэм’ер». У фінальным паядынку ў Нью-Хейвене (ЗША) яна перайграла іспанку Карлу Суарэс-Навара. Пасля гэтага беларуска трапіла ў топ-20 сусветнага рэйтынгу. У верасні беларуская тэнісістка атрымала перамогу на яшчэ адным прэм’ер-турніры ва Ухані, па дарозе абыграўшы 6-ю тэнісістку свету Эліну Світоліну. Выхад у чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату Кітая вывеў Сабаленку на 11-ю пазіцыю сусветнага рэйтынгу. 19 кастрычніка Арыну Сабаленку прызналі навічком года Жаночай тэніснай асацыяцыі.

У студзені 2019 года Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры ўзнялася на 10-е месца ў рэйтынгу WTА[4].

У верасні 2021 года Арына выйшла ў паўфінал Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе, дзе прайграла канадскай тэнісістцы Лэйле Фернандэс за выхад у фінал[5].

Нацыянальная зборная

Выступае за зборную Беларусі на Кубку Білі Джын Кінг, разам з якой дамаглася права згуляць у фінале спаборніцтваў у 2017 годзе.

У красавіку 2016 года Арына Сабаленка ўпершыню трапіла ў зборную Беларусі, дзе прайграла невырашальны парны матч Кубка Федэрацыі, у якім Беларусь адолела Расію і выйшла ў I Сусветную групу.

У першым сезоне найвышэйшай групы зборная Беларусі нечакана дайшла да фіналу. У чвэрцьфінале супраць Нідэрландаў і ў паўфінале супраць Швейцарыі Арына Сабаленка саступала ў першых матчах наймацнейшым тэнісісткам суперніц (Кікі Бертэнс і Цімеа Бачынскі адпаведна), пасля яна замацоўвала перамогі напарніцы Аляксандры Сасновіч над другімі ракеткамі (Міхаэлай Крайчак і Вікторыяй Голубіч адпаведна). На момант паўфіналу Сабаленка мела 125-ае месца ў рэйтынгу.

У фінальным матчы супраць ЗША Арына Сабаленка перамагла чэмпіёнку ЗША, 13-ю ракетку свету Слоун Стывенс, аднак пазней саступіла 10-й ракетцы Како Вандэвэй і ў парным разрадзе, у выніку чаго ЗША атрымала мінімальную перамогу 3:2.

Палітычныя погляды

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе[6][7].

Зноскі

  1. 1 2 Отец Арины Соболенко скончался в возрасте 44 лет Архівавана 4 снежня 2020.
  2. 1 2 «Антонина, береги маму, спасай Арину»: в Сети обсуждают фото младшей сестры Арины Соболенко
  3. Юрий Михалевич. Соболенко сравнивают с Сереной Уильямс, а ей нравится Шарапова(руск.)  (недаступная спасылка). sport.tut.by (27 красавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 10 жніўня 20182018-08-10. Праверана 9 верасня 2021.
  4. Штодзённы спартыўны агляд Звязды (нявызн.), Звязда (28 студзеня 2019). Праверана 28 студзеня 2019.
  5. Арина Соболенко не смогла пробиться в финал US Open
  6. Стало известно, кто подписал открытое письмо спортсменов, выступающих за власть(руск.)  (недаступная спасылка) (24 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2020. Праверана 24 лістапада 2020.
  7. Подписи (нявызн.). Праверана 8 снежня 2020.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1998 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 мая
Катэгорыя·Тэнісісты на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 года
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Тэнісісты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Тэнісісты паводле алфавіта
Катэгорыя·Спартсмены паводле алфавіта