Аршанская фабрыка мастацкіх вырабаў — заснавана 1935 г. у г. Орша як швейная арцель, з 1937 г. арцель «20 гадоў Кастрычніка». У 1938 г. абсталявана вытворчае памяшканне, у 1960 г. плошчы прадпрыемства пашыраны. У 1971 г. пабудаваны новы будынак. У 1998 г. фабрыка правяла тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці. З 2000 г. РУП з сучаснай назвай.
Аршанская фабрыка мастацкіх вырабаў у розныя гады займалася выпускам блуз, бялізны, ручным ткацтвам, вырабам абрусаў і інш. З 1993 г. фабрыка знаходзіцца ў складзе дзяржаўнага канцэрна «Белмастпромыслы». Дзейнічаюць цэхі (2007): пашыву, закройны, ткацкі; эсксперыментальная лабараторыя, участак вышыўкі. Вырабляюцца касцюмы, курткі, сарафаны, спадніцы з ільну, сталовая і пасцельная бялізна з мастацкай вышыўкай.
У рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь карыстаюцца сталовай бялізнай, якая вышыта золатам на блакітным і бардовым ільне. Яна выраблена аршанскімі майстрыхамі. У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь знаходзіцца васьміметровы абрус, шасціметровая дарожка і сурвэткі, якія выкананы на гэтай фабрыцы.
На экспарт прадукцыя ідзе ў Латвію, Літву, Канаду, ЗША, Нідэрланды, Аўстралію, Велікабрытанію, Расію.