wd wp Пошук:

Апошняе кітайскае папярэджанне

Апошняе кітайскае папярэджанне (руск.: Последнее китайское предупреждение) — іншасказальная ідыёма, якая ўтварылася за часамі СССР на рускай мове, і мае значэнне пагроз, пра якія загадзя вядома, што ніякіх дзеянняў у найбліжэйшы час не будзе[1].

Гісторыя паходжання

Выказванне ўзнікла ў сувязі з абвастрэннем адносін паміж ЗША і камуністычным Кітаем у 1950—1960-х гадах, якія тычыліся гэтак званага тайванскага пытання. Першае папярэджанне было зроблена Кітаем 7 верасня 1958 года[1] (у гэты перыяд адбываўся другі тайванскі крызіс). ЗША, не прызнаючы камуністычную ўладу ў Кітаі (але прызнаючы рэжым Чан Кайшы), здзяйснялі выведвальныя палёты над тэрытарыяльнымі водамі Кітая. Кітайская Народная Рэспубліка фіксавала ўсе парушэнні сваёй паветранай і воднай прасторы з боку ЗША. На кожнае такое парушэнне ўрад КНР цераз дыпламатычныя каналы пасылаў гэтак званае «папярэджанне» амерыканскаму боку, аднак ніякіх дзеянняў не рабіў. Напрыклад, у красавіку 1962 года амерыканскі баявы карабель на працягу тыдня патруляваў у Жоўтым моры, і за гэты час камуністычны Кітай зрабіў тры сур’ёзныя папярэджанні наконт уварвання ў ягоныя тэрытарыяльныя воды[2]. Усе гэтыя папярэджанні нумараваліся. У тыя гады ўваходжанні з боку ЗША ў кітайскую водную і паветраную прастору, асабліва ў раёне Тайванскага праліва, былі частымі, таму нумарацыя папярэджанняў перавышала некалькі соцень. Дакладная колькасць зробленых Кітаем папярэджанняў не падлічаная. Вядома, што на канец 1964 года іх было больш за 900[3].

«Апошнія кітайскія папярэджанні» камуністычнага кітайскага ўрада рэгулярна трансляваліся інфармацыйнымі агенцтвамі і сталі ўстойлівым выразам. З гэтых часоў выказванне «(апошняе) кітайскае папярэджанне» стала назоўным. Выкарыстоўваюць таксама розныя варыянты гэтай фразы, кшталту: «647-е кітайскае папярэджанне», «723-е, апошняе, кітайскае папярэджанне» і да т. п.

Выкарыстанне ў наш час

Выраз «кітайскае папярэджанне» часта выкарыстоўваўся і ў іншых мовах былога Савецкага Саюза, у прыватнасці ў эстонскай, і часам выкарыстоўваецца дагэтуль[4][5].

Зноскі

  1. 1 2 Вадим Серов. Энциклопедический словарь крылатых слов и выражений. — М.: Локид-Пресс, 2003.
  2. THE GULF OF TONKIN INCIDENT. The DESOTO Patrols and OPLAN 34A Архівавана 10 лютага 2022.
  3. Александр Котлобовский. Малая воздушная война в Китае (нявызн.). www.airwar.ru. Архівавана з першакрыніцы 22 лістапада 2019. Праверана 22 лістапада 2019.
  4. Toomas Alatalu: Põhja-Korea ja USA ootamatult tuliseks kujunenud olukorras on suureks õli tulle valajaks silmatorkavalt sõjajanune ajakirjandus — Eesti Päevaleht (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 6 мая 2018.
  5. Kas sõjahirm või sõjaootus? — Sirp (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 6 мая 2018.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Знешняя палітыка Кітайскай Народнай Рэспублікі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Метафары