wd wp Пошук:

Апанас Пятровіч Цыхун

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цыхун. Апанас Пятровіч Цыхун (5 мая 1910, в. Кунцаўшчына, Гродзенскі раён — 10 сакавіка 2005) — беларускі паэт, грамадскі дзеяч, ветэран Другой сусветнай вайны, заслужаны настаўнік Беларусі, фалькларыст, краязнаўца, літаратар і аўтар шматлікіх кніг.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у вёсцы Лаша, сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гродзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі быў залічаны ў настаўніцкую семінарыю ў Гродне, аднак з-за адсутнасці сродкаў на аплату вучобы вымушаны быў вярнуцца ў родную вёску. Ужо тады ён пачаў збіраць і запісваць мясцовыя дыялекты. У 1927—1932 гадах вучыўся ў Гродзенскай настаўніцкай семінарыі.

Удзельнічаў у Другой сусветнай вайне, у 1939 годзе абараняў Варшаву ад нямецкіх захопнікаў.

Пасля вайны, завочна скончыўшы Гродзенскі педінстытут, працаваў настаўнікам і дырэктарам школ Гродзеншчыны: завучам Лашанскай сямігадовай школы, дырэктарам Капцёўскай сямігадовай школы, настаўнікам СШ № 2 г. Гродна, дырэктарам Каўбасінскай пачатковай і Батароўскай васьмігадовай школ. Многія гады быў інспектарам аддзела народнай адукацыі Гродзенскага раёна. Узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Сельская новь».

З 1937 года да канца жыцця пражываў у горадзе Гродна.

Творчасць

Апанас Цыхун аддаваў шмат часу і ўвагі вывучэнню гісторыі і культуры, прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, збору твораў вуснай народнай творчасці. Сэнсам жыцця для яго стала краязнаўства і менавіта дзякуючы яму шырокая грамадскасць даведалася пра многія цікавыя звесткі пра Гродзеншчыну.

Выдаў унікальны для Беларусі слоўнік «Скарбы народнай мовы» (1993). У 1995 годзе выйшла кніга паэзіі «Легенды і балады Гродзеншчыны». Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік «Песні з народных глыбіняў» (2000). А.Цыхун даследаваў і прапагандаваў навуковую спадчыну акадэміка Я. Ф. Карскага: напісаў краязнаўча-біяграфічны нарыс «Акадэмік з вёскі Лаша», сабраў матэрыялы і стварыў першы і адзіны ў СССР музей Я. Ф. Карскага на радзіме вучонага ў вёсцы Лаша. Пасля закрыцця навучальнай установы Апанас Цыхун быў каардынатарам аргкамітэта па стварэнні музея акадэміка Я.Карскага ў гімназіі № 1 г. Гродна. Выступіў ініцыятарам усталявання помніка-валуна князю Давыду Гарадзенскаму і рэканструкцыі помніка роду Карскіх у Лашы.

Напісаў верш «Родная мова», які разам з заслужаным дзеячам культуры кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім быў дапрацаваны і пакладзены на музыку. Атрымаўся своеасаблівы гімн беларускай мове.

Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.Цыхуна «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны» (2003).

Памяць

У музеі Я. Карскага гімназіі № 1 горада Гродна зроблены стэнд, прысвечаны памяці А. П. Цыхуна. У музеі СВК імя Дзеньшчыкова аграгарадка Луцкаўляны (Гродзенскі раён) захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы краязнаўца.

Адна з вуліц Гродна названа ў гонар Апанаса Цыхуна[1].

Зноскі

  1. Цыхун Апанас Пятровіч

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Паэты СССР
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі 10 сакавіка
Катэгорыя·Памерлі ў Гродне
Катэгорыя·Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Памерлі ў 2005 годзе
Катэгорыя·Удзельнікі Другой сусветнай вайны
Катэгорыя·Заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1910 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродзенскім раёне