wd wp Пошук:

Анунд Якаб

Анунд Якаб, або Анунд Вугляпал (шведск.: Anund Jakob; 25 ліпеня 10071050) — кароль Швецыі (10221050), сын Олафа Шатконунга і Астрыд.

Біяграфія

Вядома, што сын Олафа Шатконунга быў хрышчоны пры нараджэнні і атрымаў хрысціянскае імя Якаб у гонар Святога Якава. У 1019 годзе, калі бонды паднялі мяцеж супраць караля Олафа, на тынгу ва Упсале Якаб быў абвешчаны конунгам. Аднак у сувязі з тым, што пераважная большасць насельніцтва Швецыі былі язычнікамі, Якаба прымусілі прыняць старажытнашведскае дынастычнае імя Анунд. Уступіўшы ў перамовы з бацькам, Анунд Якаб падзяліў з ім каралеўскую ўладу. Пасля смерці Олафа Шатконунга ў 1022 годзе Анунд стаў аднаасобным кіраўніком Швецыі.

У тым жа годзе кароль Нарвегіі Олаф II заключылі з Анундам Якабам ваенны саюз, накіраваны супраць караля Англіі і Даніі Кнуда I Вялікага. У 1026 годзе, скарыстаўшыся адсутнасцю караля Кнуда ў Даніі, нарвежскі кароль атакаваў і разарыў узбярэжжа Зеландыі, а войска Анунда ўварвалася ў Сконэ. У гэты ж час у Даніі рэгент ярл Ульф паспрабаваў пасадзіць на прастол Хардэкнуда — малалетняга сына Кнуда Вялікага. Сабраўшы велізарную армію, Кнуд неадкладна вярнуўся ў Данію. Падчас бітвы пры Хельгэ Кнуду ўдалося прымусіць нарвежска-шведскі флот да ўцёкаў. Ярл Ульф па загадзе Кнуда быў забіты. Яго сын Свен бег і паступіў на службу да Анунда Якаба. У 1028 годзе кароль Даніі падпарадкаваў сабе Нарвегію і цэнтральныя раёны Швецыі. Аднак неўзабаве Анунду Якабу ўдалося вярнуць кантроль над сваімі правінцыямі. Вядома, што з 1030 года ў Сігтуне, найбуйнейшым шведскім гандлёвым цэнтры, пачынаецца чаканка манет Анунда Якаба.

Пасля захопу Кнудам Магутным Нарвегіі кароль Олаф II адпраўляецца ў выгнанне ў Гардарыкі да Яраслава Мудрага. Жонка Олафа Астрыд, якая прыходзіцца Анунду зводнай сястрой, і іх дачка Ульвхільд знайшлі прытулак пры двары шведскага караля. У 1030 годзе кароль Олаф прадпрымае спробу вярнуць сабе нарвежскі прастол. Прыбыўшы з Русі ў Швецыю, Олаф звяртаецца да Анунда за дапамогай. Не жадаючы ўступаць у новы канфлікт з Кнудам Магутным, Анунд тым не менш даў Олафу 400 сваіх дружыннікаў і дазволіў набраць у Швецыі войска. Выступіўшы ў паход, Олаф пацярпеў паражэнне ў бітве пры Стыкластадзіры і загінуў. Пасля смерці Олаф быў прызнаны святым. Яго жонка Астрыд выйшла замуж за Анунда Якаба, свайго зводнага брата. Калі ў 1035 годзе, сын Олафа Святога — Магнус быў запрошаны на трон нарвежскай знаццю, Анунд Якаб падтрымаў яго і дапамог набраць войска. Аднак, калі кароль Нарвегіі Магнус у 1042 годзе стаў яшчэ каралём Даніі, Анунд аказвае дапамогу прэтэндэнту на дацкі прастол Свену Эстрыдсену.

Ва ўнутранай палітыцы Анунд Якаб праводзіў цвёрдую лінію па насаджэнні хрысціянства і ўмацаванні каралеўскай улады ў Швецыі. Нязгодныя або ліквідаваліся фізічна, або выганяліся з краіны. Іх маёмасць спальвалася дашчэнту, за што Анунду далі мянушку Вугляпал.[3] Дата смерці Анунда Якаба невядомая, аднак, паводле хронік, пасля 1050 года каралём Швецыі ўжо быў яго брат Эмунд.

Зноскі

  1. Anund Jakob Праверана 5 снежня 2017.
  2. 1 2 Lundy D. R. The Peerage
  3. Три вестъётские хроники: Христианские короли Швеции

Літаратура

Спасылкі

Папярэднік:
Олаф Шатконунг
Кароль Швецыі
1019—1050
Пераемнік:
Эмунд Стары
Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XI стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1008 годзе
Катэгорыя·Каралі шведскія
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 ліпеня
Катэгорыя·Мунсё (дынастыя)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1007 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 ліпеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 8 кастрычніка
Катэгорыя·Дынастыя Мунсё
Катэгорыя·Памерлі ў 1050 годзе