Анты (стар.-грэч.: Ἄνται, лац.: Antes) — старажытнаславянскае ваенна-палітычнае аб’яднанне VI — VII стст. Узгаданы гоцкім гісторыкам Іарданам (VI ст.)ны]]«» і візантыйскім гісторыкам Пракопіем Кесарыйскім у працы «Вайна з готамі» (VI ст.).
Паводле Іардана анты і склавіны з’яўляліся часткамі «шматлікага племя венетаў». Ім дадзены канкрэтныя геаграфічныя прывязкі, якія дазваляюць лакалізаваць антаў у перыяд экспансіі на Балканы. Па меркаванні таго ж аўтара, анты — «самыя магутныя з іх (славян)», жылі паміж Днястром і Дняпром, дзе «Пантыйскае мора ўтварае дугу». Паводле Пракопія, склавены і анты выводзіліся не ад венедаў, а ад варвараў «спораў» («рассеянных па паселішчах»). Від іх у Пракопія апісваецца так: «…Вельмі высокага росту і велізарнай моцы. Колер скуры і валасоў у іх вельмі белы або залацісты…». Склавены і анты Пракопія жылі ў народапраўстве, прызнавалі валадаром на ўсімі аднаго бога, «творцу маланак». У бітве яны не надзявалі брані, а біліся толькі з дроцікамі і шчытамі.
З XIX ст. у славістыцы распаўсюдзілася меркаванне пра антаў, як пра тое пляменнае аб’яднанне, якое стала асновай усходнеславянскай групы народаў. Але такое адназначнае атаясамленне аспрэчваецца на падставе супастаўлення дакументаў VI ст. з археалагічнымі матэрыяламі, і адзначаецца, што назва магла адносіцца толькі да пэўнай асобнай тагачаснай групіроўкі славянаў, якая магла і не мець дачынення да гэтай групы.[1]
На мяжы VI і VII ст. анты ўступілі ў саюз з Візантыяй і ўзнялі паўстанне супраць панавалых тады авараў; аварскі каган скіраваў вялікае войска, каб знішчыць антаў (602). Пасля гэтага паходу, пра які амаль нічога не вядома, з гістарычных крыніц знікаюць якія-небудзь ўзгаданні пра антаў, таму верагодна, што яны сапраўды былі знішчаныя.[2]