Антоні Клавэ (кат. Antoni Clavé i Sanmartí, 5 красавіка 1913, Барселона — 31 жніўня 2005, Сен-Трапэ) — каталонскі мастак, графік, скульптар. Двухразовы намінант на прэмію «Оскар» за лепшую працу мастака-пастаноўшчыка.
Пачынаў самавукам, у 1930 годзе паступіў у Барселонскую мастацкую школу, дзе яго вучылі Анхель Феран і Фелікс Местрэс, правучыўся два гады. На яго працы паўплывалі такія мастакі, як Банар, Вюяр і Руо. Займаўся афарміцельствам, працаваў у кіно. Пасля паражэння іспанскай Рэспублікі пераехаў у Францыю (1939). Яго першая выстава адбылася ў тым жа годзе ў Перпіньяне.
У 1944 пазнаёміўся і пасябраваў з Пікаса, у 1980-х прысвяціў яму серыю работ. Да 1956 года працаваў у Парыжы, затым перабраўся ў Сен-Трапэ. Выступаў як кніжны ілюстратар (Кармен Мерымэ, Гарганцюа і Пантагруэль Рабле), мастак тэатра, у тым ліку — балетнага (у пачатку 1950-х ён працаваў з Раланам Пеці) і кіно, дзе любіў выкарыстоўваць манекены.
У 1978 годзе яго першая рэтраспектыўная выстава адбылася ў парыжскім Цэнтры Жоржа Пампіду. У 1984 годзе прадстаўляў Іспанію на Венецыянскай біенале.
Пахаваны ў Парыжы на могілках Манпарнас.