У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гарэцкі. Антоні Гарэцкі (польск.: Antoni Gorecki; 1787 — 18 верасня 1861, г. Парыж) — польскі паэт, сатырык і байкапісец; адзін з кіраўнікоў паўстання 1830-31 гадоў.
Вучыўся ў Віленскім універсітэце, рана пазначыўся як таленавіты паэт. У 1812 далучыўся да польска-літвінскіх частак, якія ваявалі на баку Напалеона. Пасля амністыі жыў у Вільні, блізка сябраваў з філаматамі, добра ведаў А. Міцкевіча, уваходзіў у таварыства шубраўцаў і быў адным з аўтараў газеты «Wiadomości brukowe». Валодаў несамавітым пачуццём гумару, яго байкі, жарты, вострыя слоўкі паўтарала ўся Вільня[3]. У час паўстання 1830—1831 гадоў быў адным з яго кіраўнікоў і таму пасля задушэння супраціву не меў права на амністыю. Паводле царскага ўказу ён быў аднесены да першай катыгорыі ўдзельнікаў паўстання, што цягнула за сабой канфіскацыю маёнткаў, пазбаўленне ўсіх правоў і катаргу. Антоні Гарэцкі выехаў за мяжу, пакінуўшы сям’ю, і больш на радзіму не вярнуўся. Пахаваны на могілках Манмарансі ў Парыжы.
Разам з жонкай Веранікай мелі сыноў Людвіга і Тадэвуша, апошні стаў вядомым мастаком, а таксама дачок Ружу, Камілу і Ганну[4].