Анн-Луі Жырадэ-Трыязон (фр. Anne-Louis Girodet de Roucy-Trioson; 29 студзеня 1767, Мантаржы, Францыя — 9 снежня 1824, Парыж) — французскі гістарычны жывапісец, партрэтыст, малявальшчык літаграфій і пісьменнік.
Вучань Жака-Луі Давіда. Спачатку захапляўся грэчаскай міфалогіяй, але ад класіцызму, які панаваў у той час у французскім мастацтве, перайшоў да пошуку новых форм і стаў папярэднікам новага напрамку — рамантызму.
Атрымаўшы ў 1789 годзе вялікую Рымскую прэмію за карціну «Сыны Якава пазнаюць свайго брата Іосіфа», ён правёў пяць гадоў у Рыме, адкуль даслаў у Парыж «Эндыміён» (Луўр) — твор некалькі саладжавы і манерны, але, нягледзячы на гэта, сустрэты, як нейкая навінка, ухвалёная публікай і мастацкай крытыкай.
Наватарства Жырадэ-Трыязона яшчэ ясней выявіліся ў іншай, таксама рымскай, працы: «Гіпакрат адмаўляецца ад падарункаў Артаксэркса» (1792). З нешматлікіх карцін Жырадэ-Трыязона заслугоўваюць увагі: «Даная і Аўрора, якая падае ёй люстэрка», «Цені французскіх генералаў, якія сустракаюцца ў Елісейскіх палях Асіянам» (1801); «Пахаванне Аталы» (на сюжэт з аповесці Шатабрыяна, 1808; Луўр), «Напалеон I прымае ключы горада Вены» (1808, Версаль), знакамітая «Сцэна падчас Сусветнага патопу» (1810, Луўр) і «Пігмаліён і Галатэя» (1819).
Пасля 1810 года з-пад пэндзля Жырадэ-Трыязона выйшла вельмі мала карцін — ён займаўся пераважна маляваннем ілюстрацый да твораў Анакрэона, Сафо, Вергілія, Расіна і іншых паэтаў і драматургаў. Спрабуючы свае сілы на літаратурнай ніве, ён сачыніў паэму пра жывапіс, напісаў некалькі разваг пра гэтую галіну мастацтва і практыкаваўся ў перакладах старажытнагрэчаскіх паэтаў і ў перайманнях ім.
Анн-Луі Жырадэ-Трыязон памёр 9 снежня 1824 года ў горадзе Парыжы і быў пахаваны на могілках Пер-Лашэз.
Сярод найбольш вядомых вучняў — П’ер-Луі Дэлаваль і Эцьен Ашыль Рэвейль.