wd wp Пошук:

Англа-занзібарская вайна

Англа-занзібарская вайна — узброены канфлікт між Злучаным Каралеўствам і Занзібарскім султанатам, які адбыўся 27 жніўня 1896. Вайна цягнулася 38-45 хвілін, стаўшы найкарацейшай вайной у гісторыі[3]. Непасрэднай прычынай стала смерць прабрытанскага султана Хамад ібн Тувайні 25 жніўня 1896 і ўзыход на прастол Халіда ібн Баргаша. Брытанскія ўлады разлічвалі, што новым султанам стане больш лаяльны Хамуд ібн Мухамад. Паводле дагавора 1886 года на атрыманне пасады султана патрабаваўся дазвол брытанскага консула, чаго ў выпадку з Халідам не было зроблена. Гэты факт і стаў casus belli, пасля якога брытанцы выставілі ультыматум з патрабаваннем да Халідавых войскаў сысці з султанавага палаца. У адказ Халід ібн Баргаш склікаў сваю гвардыю і забарыкадаваўся ўнутры.

Дыспазіцыі ваенна-марскіх сіл а 900

Тэрмін ультыматыму скончыўся а 09:00 гадзіне 27 жніўня паводле мясцовага часу. Да гэтай пары брытанцы сабралі ў затоцы тры крэйсеры, дзве кананеркі, 150 марпехаў і маракоў, 900 занзібарцаў. Палац султана абаранялі каля 2800 занзібарцаў, па большасці набраных з грамадзянскага насельніцтва, а таксама гвардыі, слугаў і рабоў. Абаронцы мелі некалькі гармат і кулямётаў. Каралеўскім флотам камандаваў контрадмірал Гары Роўсан, занзібарскую абарону ўзначальваў брыгадны генерал арміі Лойд Мэцьюс, першы міністр Занзібара. А 09:02 брытанцы пачалі бамбардзіроўку палаца, падпалілі яго і абясшкодзілі артылерыю. На моры адбылася сутычка, у якой брытанцы патапілі каралеўскую яхту занзібарцаў HHS Glasgow і два меншыя судны. А 09:40 перастрэлка спынілася, калі з палаца быў скінуты занзібарскі сцяг.

Войскі султана Халіда страцілі 500 чалавек забітымі і параненымі, у брытанцаў быў паранены толькі адзін марак.

Султан Халід ібн Баргаш, які бег з палаца, атрымаў прытулак у германскім пасольстве. З прычыны таго, што новы ўрад Занзібара, неадкладна сфарміраваны брытанцамі, зацвердзіў яго арышт, атрад Каралеўскай марской пяхоты бесперапынна дзяжурыў каля агароджы пасольства, каб арыштаваць былога султана ў той момант, калі ён выйдзе за межы тэрыторыі пасольства.

Каб эвакуіраваць былога султана, нямецкаму боку прыйшлося пайсці на хітрасць. 2 кастрычніка 1896 года ў порт прыйшоў нямецкі крэйсер «Арлан» (Seeadler). Шлюпка з крэйсера была дастаўлена на бераг, затым на плячах германскіх матросаў прынесена да дзвярэй пасольства, дзе ў яе сеў Халід ібн Баргаш. Пасля гэтага шлюпку тым жа чынам аднеслі да мора і даставілі на крэйсер. Юрыдычна, паводле прававых нормаў, якія дзейнічалі тады, шлюпка лічылася часткай карабля, да якога яна прыпісана і незалежна ад месцазнаходжання была экстэрытарыяльная. Такім чынам, былы султан, які знаходзіўся ў шлюпцы, фармальна ўвесь час знаходзіўся на германскай тэрыторыі.

Брытанцы хутка паставілі на чале марыянетачнага ўрада султана Хамуда. Ад гэтага часу скончыў існаванне суверэнны Занзібарскі султанат і пачаўся перыяд пад брытанскім кантролем.

Зноскі

  1. Britain’s Forgotten Wars: Colonial Campaigns of the 19th Century. — Stroud, Gloucestershire: Sutton Publishing, 2003. — ISBN 978-0-7509-3162-5.
  2. A History of the Arab State of Zanzibar. — London: Methuen Publishing, 1978. — ISBN 978-0-416-55080-1.
  3. Guinness World Records 2008 / Craig Glenday. — London: Guinness World Records, 2007. — С. 118. — ISBN 978-1-904994-19-0.
Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Падзеі 27 жніўня
Катэгорыя·Аб’екты Кнігі рэкордаў Гінэса
Катэгорыя·Канфлікты 1896 года
Катэгорыя·Жнівень 1896 года
Катэгорыя·Войны XIX стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Войны Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Гісторыя Занзібара
Катэгорыя·Гісторыя Танзаніі