У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кавалёў.
Анатоль Анатольевіч Кавалёў (13 студзеня 1939, Гомель — 9 сакавіка 2008) — беларускі фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989), доктар фізіка-матэматычных навук (1988), прафесар (1991).
Скончыў Гомельскі педінстытут (1961). У 1967—1971 гадах старшы інжынер, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі АН БССР. У 1971—1973 гадах старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі электронікі АН БССР. У 1982—1998 гадах намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 1998—2004 гадах дырэктар Інстытута электронікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адначасова з 1973 года загадчык лабараторыі гэтага інстытута.
З 2007 года галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі ім. Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Навуковыя даследаванні ў галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Выканаў першыя работы па даследаванні анізатрапіі вымушанага выпраменьвання лазераў на аснове раствораў арганічных злучэнняў. Даследаваў уплыў спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцяў пасіўных засавак на аснове раствораў складаных малекул на дынаміку генерацыі і параметры выпраменьвання монаімпульсных цвёрдацельных лазераў. Прапанаваў і абгрунтаваў эфектыўныя метады звужэння спектру і дыяграмы накіраванасці мона- і двухімпульсных цвёрдацельных лазераў для мэтаў аптычнай лакацыі, галаграфіі і двухэкспазіцыйнай галаграфічнай інтэрфераметрыі. Выявіў новыя эфекты фазавай мадуляцыі і самамадуляцыі выпраменьвання ў вадкакрысталічных фотатропных асяроддзях, прапанаваў і даследаваў новы клас кіраваных вадкакрысталічных пасіўных засавак для лазераў. Даследаваў ўласцівасці шматканальнай мадуляцыі лазернага выпраменьвання ў прасторава-інтэграваных ВК-структурах, перспектыўных для выкарыстання ў сістэмах аптычнай апрацоўкі, запісы і захоўвання інфармацыі.
Аўтар больш за 220 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі, 34 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія СССР 1985 года за даследаванні фотарэфрактыўных і вадкіх крышталяў для сістэм аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 1996 года за цыкл прац «З’явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі» (у аўтарскім калектыве)[1][2].