wd wp Пошук:

Аналы Ульстэра

Аналы Ульстэра (Ольстэра) (ірл.: Annála Uladh, англ.: Annals of Ulster) — збор сярэдневяковых ірландскіх хронік (аналаў), якія ахопліваюць перыяд з 431 да 1540 года. Аналы напісаны часткова на ірландскай мове з дадаткамі на латыні. Аналы Ульстэра — найбольш поўная версія ірландскіх аналаў і з’яўляюцца каштоўным дакументам як для гісторыкаў, так і для лінгвістаў, якія вывучаюць развіццё ірландскай мовы, паколькі ў іх інфармацыя была даслоўна скапіравана з больш ранніх крыніц.

Запісы да 1489 года былі створаны ў XVI стагоддзі пісцом Руайры О’Луінін (пам. 1528). Пазней іншымі пісцамі — Руайры О’Касаідэ (пам. 1541) і Матам О’Луінінам (пам. 1588) — аналы былі даведзены да 1540 года. У наш час існуе некалькі манускрыптаў з тэкстам аналаў, найбольш важным з іх з’яўляецца манускрыпт, які захоўваецца ў Трыніці Каледжы ў Дубліне[1]. Акрамя таго існуе больш сучасная копія, якая захоўваецца ў Бадліянскай бібліятэцы ў Оксфардзе[2], якая запаўняе некаторыя лакуны ў арыгінале.

У XVII стагоддзі Аналы Ульстэра сталі адной з найважнейшых крыніц для стварэння кампілятыўных Аналаў Чатырох Майстроў.

У 1887 годзе аналы былі адрэдагаваны і перакладзены на англійскую мову Уільямам Хенесі і Барталам’ю Мак-Карці, а ў 1983 годзе была выпушчана новая рэдакцыя аналаў, выкананая Шонам Мак-Артам і доктарам Гярадзем Мак-Нікалам.

У наш час на сайце Коркскага ўніверсітэта размешчана таксама лічбавая версія Аналаў Ульстэра, створаная ў рамках праекта CELT(недаступная спасылка) (Corpus of Electronic Texts).

Публікацыі Аналаў Ульстэра

Зноскі

  1. Dublin, Trinity College Library, MS. 1282 (alias H. 1. 8, siglum H, earlier A).
  2. Oxford, Bodleian Library, Rawl. B. 489 (siglum R, earlier B).

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Ірландскія аналы
Катэгорыя·Гістарычныя хронікі
Катэгорыя·Гісторыя Ірландыі