wd wp Пошук:

Аляксей Мікалаевіч Кулажанка

Аляксей Мікалаевіч Кулажанка (3 снежня 1923, в. Белабярэжская Рудня, Рэчыцкі павет, Гомельская губерня — 16 лютага 2010) — беларускі партыйны і гаспадарчы дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы (1966).

Біяграфія

Скончыў Мазырскае педагагічнае вучылішча, але працаваць настаўнікам не давялося — пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У 1941 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію, ваяваў на Данскім фронце ў стралковым палку. Актыўнага камсамольца-прапагандыста заўважылі і накіравалі вучыцца. Чатыры месяцы вучыўся ў Харкаўскім ваенным пяхотным вучылішчы, затым трапіў на самы адказны ўчастак фронту — пад Сталінград. Назначаны намеснікам палітрука стралковай роты 10-га палка 3-й стралковай гвардзейскай дывізіі. У баях пад Сталінградам прыняты ў партыю. Быў цяжка паранены ў правае плячо і нагу, паўгода лячыўся ў шпіталях. Потым ваяваў на 3-м Украінскім і Карэла-Фінскім франтах. Вайну скончыў ля граніц Нарвегіі.

Дэмабілізаваны летам 1945 годзе, прызнаны інвалідам ІІІ групы. Вярнуўся на радзіму, хацеў настаўнічаць у вясковай школе, але яго накіравалі на партыйную работу ў Нараўлянскі райкам партыі, спачатку інструктарам, затым загадчыкам аддзела, у 1947 годзе — вучыцца ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б.

Пасля яе заканчэння ў 1949 годзе накіраваны ў Пінскую вобласць. У 1949—1956 гадах — трэці сакратар, затым другі сакратар Лагішынскага райкама КПБ (з 1954 года Брэсцкай вобласці). Давялося заняцца калектывізацыяй сельскай гаспадаркі, што з’яўлялася вялікай праблемай: пасля нямецка-фашысцкай акупацыі засталіся спаленыя вёскі, апусцелыя палі, беднасць сялян. Хадзіў па хатах і тлумачыў аграрную палітыку партыі, пераконваў у неабходнасці карэннай перабудовы сялянскага ладу жыцця.

Калі па прызыву партыі многія тысячы камуністаў з гарадоў паехалі ў вёскі, ён паследаваў іх прыкладу. У 1956—1966 гадах — старшыня калгаса імя С. М. Кірава Лагішынскага (з 1962 г. Пінскага) раёна.

Удзельнічаў у рабоце ХХІІ з’езда КПСС (1961). У 1966 г. абраны першым сакратаром Пінскага райкама КПБ Брэсцкай вобласці. З 1975 года працаваў у апараце Брэсцкага абкама КПБ. У 1980—1990 гадах — памочнік першага сакратара абкама КПБ. У гэты час першымі сакратарамі абкама працавалі Уладзімір Андрэевіч Мікуліч (1964—1977), Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў (1977—1987), Анатоль Антонавіч Зеляноўскі (1987—1991).

Неаднаразова абіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання (1963—1967).

У 1986 годзе назначаны старшынёй арганізацыйнага камітэта па стварэнні абласной ветэранскай арганізацыі. У 1987 годзе абраны старшынёй абласнога савета ветэранаў вайны і працы.

Памёр 16 лютага 2010 годп, пахаваны на гарадскiх могiлках «Плоска».

Узнагароды

30 красавіка 1966 года, за атрыманне высокіх ураджаяў сельскагаспадарчых культур, удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат». Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, у 1973 годзе ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. За шматгадовую працу ўзнагароджаны шасцю Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Выпускнікі Мінскай вышэйшай партыйнай школы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Нараўлянскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 2010 годзе
Катэгорыя·Дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў
Катэгорыя·Памерлі 16 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1923 годзе
Катэгорыя·Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання
Катэгорыя·Героі Сацыялістычнай Працы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»