У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сопат. Алякса́ндр Сцяпа́навіч Со́пат (23 лютага 1936, в. Аўрамаўская, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць — 2011) — беларускі пісьменнік.
Нарадзіўся 23 лютага 1936 года ў в. Аўрамаўская Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў рабочай сям’і.
Скончыў 6 класаў школы. Працоўную дзейнасць пачаў у 1950 годзе ў Архангельску на рыбалоўным сэйнеры. У 1952—1955 гадах працаваў на судах Мурманскага тралавага флоту — качагарам, матросам. У 1955—1958 гадах служыў у Савецкай Арміі. У 1958—1964 гадах быў матросам, боцманам, памочнікам капітана на судах Мурманскага марскога параходства[1].
У 1965 годзе пераехаў у Гомель. Працаваў у трэсце «Гомельсельбуд». У 1980—1982 гадах працаваў экскаватаршчыкам у Беларускім упраўленні буравых работ на нафтапромыслы ў Саматлоры, Памежным (Ніжнявартаўск)[2].
Літаратурную дзейнасць пачаў у пачатку 1960-х гадоў, піша на рускай мове[3]. Першае яго апавяданне «Працоўны гонар» апублікавана ў газеце «Гомельская праўда» у 1965 годзе. Пісаў нарысы, замалёўкі, навелы пра жыццё рабочых калектываў, рабочых Запаляр’я. Друкаваліся яны ў альманаху «Северное сияние», у газетах «Комсомолец Заполярья», «Комсомольская правда», часопісе «Нёман», газеце «Гомельская праўда». Працаваў у жанры аповесці («Спытай самому сабе», «Аляксей Чарняк», «Мёртвая вада» і інш.). Аўтар кніг «Траса», «Саматлор». У 1989 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» выйшаў зборнік прозы А. Сопата «Караблі», адрасаваны старэйшаму школьнаму ўзросту. Аўтар рамана «Ціхі хутар» (пра дзейнасць НКУС на Палессі ў гады вайны) і зборніка аповесцяў «Выкраданне», прысвечанага актуальным праблемам сучаснага ладу жыцця. Напісаў нарысы «Гаўрош суворага часу», «Крокі да акіяну».