wd wp Пошук:

Аляксандр Антонавіч Бахановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бахановіч.

Аляксандр Антонавіч Бахановіч (1875, Азёры Гродзенскай губерні — пасля 1919) — расійскі грамадскі дзеяч часоў грамадзянскай вайны. Некаторымі аўтарамі характарызаваны як палітычны авантурыст[1][2].

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Віленскае пяхотнае вучылішча (1897). Пачаў служыць у Петразаводскім палку, але праз амаральныя паводзіны па патрабаванні афіцэрскага сходу звольніўся ў запас, вярнуўся ў Азёры.[3]

У 1901 годзе, падчас падзей у Кітаі, дзе адбываліся сутыкненні паўстанцаў з войскамі каланіяльных дзяржаў, едзе на Далёкі Усход каб зноў паступіць на службу. У Омску зарубіў шабляй партнёра па гульні на більярдзе, прыгавораны да ссылкі ў Сібір. Ссылку замянілі на два гады турэмнага зняволення, адбываў яго ў Дзвінскай крэпасці. Пасля вызвалення на кароткі час вярнуўся ў Азёры. Потым працаваў чыноўнікам на станцыі Мысавая Сібірскай чыгункі каля Іркуцка. Падчас руска-японскай вайны прызваны на вайсковую службу, але неўзабаве ў чарговы раз звольнены, калі камандаванне даведалася яго папярэднюю біяграфію.[3]

Зноў вяртаецца ў Азёры. Паводле пазнейшага сведчання павятовага спраўніка, выдаваў сябе за параненага і камісаванага па стане здароўя. Потым пераехаў у Маскву і Пецярбург, быццам служыў пры аддзяленні таварыства «Свет» і стаў яго дырэктарам. Кантора таварыства знаходзілася па адрасе Неўскі праспект № 156, там пазначана і месца жыхарства Бахановіча.[3]

Палітычную кар’еру пачаў у 1917 годзе, калі пры дапамозе Аляксандра Керанскага стварыў Гродзенскі вайсковы саюз. Пасля бальшавіцкага перавароту Бахановіч узначаліў Цэнтральны камітэт аб’яднаных грамадскіх арганізацый Гродзенскай губерні ў Петраградзе, 22 чэрвеня 1918 года атрымаў ад Віленскага БНК паўнамоцтва на перамовы з бальшавіцкімі і нямецкімі ўладамі пра вяртанне бежанцаў і маёмасці з цэнтральных губерняў Расіі ў заходнія губерні.[3]

У снежні 1918 года Бахановіч у Кіеве, інтрыгаваў супраць прадстаўнікоў ураду БНР, у першую чаргу супраць Аляксандра Цвікевіча. Супрацоўнічаў з Кіеўскай нарадай беларускіх грамадскіх дзеячаў. Паводле Антона Луцкевіча, падмануў яго і Ежы Рома на 3000 рублёў. У студзені 1919 года Бахановіч у Адэсе, паводле ўласных сцвярджэнняў, прысутнічаў на міжсаюзніцкай канферэнцыі ў Ясах. Уступіў у Беларускі нацыянальны цэнтр (БНЦ), якому прапанаваў прыняць функцыі Часовага краёвага ўраду Беларусі. На пасяджэнні 21 студзеня 1919 года прапанова Бахановіча адхілена сябрамі БНЦ. 26 студзеня 1919 года спрабаваў падмануць БНЦ, паведаміў, што ў Слоніме 13 студзеня 1919 года адбыўся Усебеларускі з’езд і абраў Дырэкторыю на чале з ім. Паведамленню паверыў Антон Дзянікін, які тэлеграмай ад 2 лютага 1919 года вітаў «урад» Бахановіча. 28 студзеня 1919 года выключаны з БНЦ і па просьбе арганізацыі высланы французскімі ўладамі з Адэскай акругі. У красавіку 1919 года ў Вене. Называў сябе «прэзыдэнтам Беларускай Рэспублікі», прасіў дапусціць яго на мірную канферэнцыю ў Парыж.[3]

Зноскі

  1. Сідарэвіч А. Бахановіч // ЭГБ
  2. Міхалюк Д. [манаграфія]
  3. 1 2 3 4 5 Чарнякевіч, 2021

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1875 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы