wd wp Пошук:

Аляксандр Аляксандравіч Разенфельд

Аляксандр Аляксандравіч Разенфельд, з 1916 года Палянаў (руск.: Александр Александрович Розенфельд, Полянов; 3 кастрычніка 1872[1], Рэжыца, Віцебская губерня — пасля ліпеня 1916) — расійскі этнограф.

Біяграфія

Вучыўся ў Рэжыцкай, затым Мінскай гімназіі, якую скончыў ў 1893 годзе. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1898). Пачаў службу па ведамстве Міністэрства народнай асветы. У 1898—1906 гадах выкладаў рускую мову, гісторыю і геаграфію ў жаночай і мужчынскай гімназіях і рэальным вучылішчы ў Рэвелі. У 1906—1912 гадах настаўнік рускай мовы і славеснасці ў Галоўным нямецкім вучылішчы Св. Пятра ў Пецярбургу. З верасня 1912 года — у чыне стацкага саветніка, дырэктар 11-й гімназіі на Выбаргскай старане ў Пецярбургу, адначасова настаўнік рускай мовы ў Царскасельскім Аляксандраўскім ліцэі. У гады 1-й сусветнай вайны ўпаўнаважаны Мінскага аддзела Земгара. У ліпені 1916 года А. Разенфельду прызначана пенсія. У 1916 годзе ў патрыятычным памкненні змяніў свае нямецкае прозвішча на Палянаў (ад ням.: Feld — поле) і яго далейшы лёс пакуль не вядомы.[1]

Дзейнасць

Падчас вучобы ва ўніверсітэце спецыялізаваўся на польскай гісторыі XVI ст., але ўжо тады зацікавіўся беларускай этнаграфіяй. У вопісах архіва РГТ згадваецца 19-старонкавы рукапіс Разенфельда пад назвай «Из жизни белоруса. Зажинки и дожинки» (напісана па матэрыялах Мінскай губерні, напэўна, на вакацыях).[1]

Паралельна з выкладчыцкай працай Разенфельд атрымаў магістарскую ступень і займаўся навуковай працай, яго зацікаўленні былі даволі шырокія. У 1899 годзе апублікаваў вялікі артыкул пра мову Ізборніка 1073 года, у 1900 годзе — працу «Духовная жизнь польского общества в XVI в. и начало национальной польской литературы».[1]

У ліпені 1910 года Разенфельд запрошаны на кафедру рускай мовы і славеснасці гісторыка-філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, як прыват-дацэнт вёў заняткі па былевым эпасе, духоўных вершах і рускай народнай песні[1]. У 1914 годзе выдаў працу па жыцці і дзейнасці вядомага рускага фалькларыста, этнографа і філолага У. Ф .Мілера.

Цэнтральная праца Разенфельда — «Белорусские народные песни», апублікавана ў 1904 годзе ў зборніку Аддзялення рускай мовы і славеснасці ІАН, а потым асобным выданнем. Праца змяшчае 165 песень, у асноўным з Мінскага павета (каля 50 запісаны ў Вілейскі, некалькі — у Рэжыцкім паветах).[1]

Разенфельд быў афіцыйным кіраўніком Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Напэўна, яго роля была збольшага фармальнай, а працай гуртка кіраваў яго стараста, Браніслаў Тарашкевіч.[1]

Сям’я

Бацька — Аляксандр Разенфельд, ахрышчаны яўрэй з Украіны, скончыў школу ваенных кантаністаў, служыў у 99-м пяхотным Івангародскім палку, быў паранены падчас задушэння паўстання 1863—1864 гадоў, у 1875—1886 гадах справавод упраўлення Быхаўскага, затым Мінскага павятовага воінскага начальніка, у верасні 1886 года выйшаў у адстаўку у чыне калежскага асэсара. Маці — Лізавета Андрэеўна Балад, латышка-лютэранка.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Баринов, 2021

Літаратура

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рэжыцкім павеце
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1872 годзе