wd wp Пошук:

Альтэрнатыўная служба ў Беларусі

Альтэрнатыўная служба ў Беларусі — аплачваная грамадска карысная дзейнасць для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прыдатныя да тэрміновай службы ва Узброеных сілах, але не могуць яе праходзіць па рэлігійных меркаваннях.

Увядзенне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы

Права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу замацавана арт. 57 Канстытуцыі, якая замацоўвае, што «парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы альбо замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам»[1]. Аднак доўгі час гэтая норма заставалася нерэалізаванай з-за адсутнасці нарматыўных актаў, а ўлады рэспублікі іх не прымалі. Напрыклад, у 2004 годзе законапраект «Аб альтэрнатыўнай службе» быў распрацаваны моладзевай арганізацыяй «Грамадзянскі форум» і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутатам Уладзімірам Навасядам, але быў адхілены парламентам з-за пазіцыі Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў і пярэчанняў Міністэрства абароны, у якіх утрымлівалася асцярога, што калі для альтэрнатыўнай службы будуць створаныя больш спрыяльныя ўмовы, чым для тэрміновай ваеннай службы (службы ў рэзерве), «то для асоб, якія не жадаюць яе праходзіць, з’яўляецца нагода ўхіліцца шляхам ўступлення ў рэлігійныя канфесіі пацыфісцкага характару. Тым самым магчыма штучнае стварэнне пагрозы для разбурэння ментальнай асновы грамадства, а такім чынам, для нацыянальнай бяспекі дзяржавы». Толькі ў 2015 годзе быў прыняты закон Аб альтэрнатыўнай службе, які прадугледжвае яе ўвядзенне з 1 ліпеня 2016 года[2].

Падставы і парадак праходжання альтэрнатыўнай службы ў Беларусі

Правам на альтэрнатыўную службу валодаюць грамадзяне, якія заявілі аб тым, што рэлігійныя перакананні перашкаджаюць ім насіць зброю або абслугоўваць узбраенне і ваенную тэхніку. Тэрмін падачы заявы мякчэй, чым у Расіі — звярнуцца можна пісьмова ў прызыўную камісію па месцы жыхарства не пазней чым за 10 каляндарных дзён да завяршэння прызыўной кампаніі, але права на службу трэба абгрунтаваць. Тэрмін альтэрнатыўнай службы вызначаны ў 24 месяцы для асоб з вышэйшай адукацыяй і ў 36 месяцаў для астатніх грамадзян. У перыяд праходжання службы альтэрнатыўшчык атрымлівае грашовае забеспячэнне ў памеры 150% найбольшай велічыні пражытачнага мінімуму, якое паступова павышаецца з 13 месяца службы на 20% пражытачнага мінімуму, а з 25-га месяца на 40% пражытачнага мінімуму. Грамадзянін датэрмінова звальняецца з альтэрнатыўнай службы ў выпадку прызнання яго непрыдатным па стане здароўя, пры асуджэнні да пазбаўлення волі або да абмежавання волі з накіраваннем у калонію адкрытага тыпу, а таксама па іншых падставах[2].

На 4 студзеня 2017 года альтэрнатыўную службу праходзілі 13 чалавек[3].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Конституция Республики Беларусь (с изменениями и дополнениями, принятыми на республиканских референдумах 24 ноября 1996 г. и 17 октября 2004 г.)
  2. 1 2 Общественно-политические и в области права -Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
  3. К альтернативной службе уже приступили 13 белорусов(нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 20172017-01-07. Праверана 29 снежня 2021.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Свядомая адмова ад воінскай службы
Катэгорыя·Пацыфізм
Катэгорыя·Ваенная палітыка Беларусі
Катэгорыя·Права Беларусі
Катэгорыя·Воінскі абавязак