Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) Асташонак (1 чэрвеня 1954, Мінск — 7 верасня 2004, Кіеў) — беларускі празаік, кінасцэнарыст, перакладчык.
Скончыў у 1976 годзе перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Працаваў перакладчыкам у Алжыры, інспектарам дэканата па працы з замежнымі навучэнцамі, выкладчыкам французскай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута, выхавальнікам у тэхнічным вучылішчы будаўнікоў, рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Упраўлення тэатраў і музычных устаноў Міністэрства культуры БССР, рэдактарам у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П. Броўкі, старшым рэдактарам часопіса «Крыніца». Член СП БССР (з 1986).
Памёр у Кіеве 7 верасня 2004 г., пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Сумесна з В. Грыгалюнасам пераклаў з літоўскай мовы асобныя апавяданні Б. Радзявічуса, М. Слуцкіса, С. Шальцяніса.