Айман аз-Завахіры (араб. أيمن الظواهري, Ayman al-Zawahiri, дакладная транслітарацыя ALFB: Åỉmɑn alƵ̑ɑuaeɩri; 19 чэрвеня 1951, Каір — 31 ліпеня 2022, Кабул, Афганістан) — міжнародны тэрарыст, радыкальны ісламіст, лідар тэрарыстычнай групоўкі Аль-Каіда (2011—2022), урач, ісламскі багаслоў, пісьменнік.
Нарадзіўся 19 чэрвеня 1951 года ў Егіпце ў сям’і прафесара фармакалогіі. У 1974 годзе скончыў медыцынскі факультэт Каірскага ўніверсітэта па спецыяльнасці хірург.
Айман аз-Завахіры быў галоўным ідэолагам глабальнай тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіды» на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і адыграў цэнтральную ролю ў нападах на амбасады ЗША ў Кеніі і Танзаніі ў 1998 годзе, у выніку якога загінулі амаль 3000 чалавек. Заняў пасаду лідара «Аль-Каіды» пасля таго, як Усама бін Ладэн быў забіты падчас рэйду войск ЗША ў Пакістане ў 2011 годзе. Пры жыцці бін Ладэна агенцтва Бі-Бі-Сі называла Завахіры «другім чалавекам у Аль-Каідзе».
У Егіпце Айман аз-Завахіры быў завочна прысуджаны да смяротнага пакарання. 25 верасня 2001 года Інтэрпол выдаў ордэр на ягоны арышт. Быў забіты 31 ліпеня 2022 года ў Кабуле ў выніку ўдару амерыканскага беспілотніка.