Адольф Вёльфлі (ням.: Adolf Wölfli, 29 лютага 1864, Берн — 6 лістапада 1930, Вальдау) — швейцарскі мастак-прымітывіст, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў Ар брут.
У сямігадовым узросце быў кінуты бацькам-алкаголікам, па прафесіі каменячосам. Працаваў парабкам на фермах. Быў арыштаваны паліцыяй за абразу грамадскай маральнасці, пасля рэцыдыву абследаваны ўрачамі, у яго дыягнаставалі шызафрэнію.
З 1895 года да канца жыцця жыў у псіхіятрычнай клініцы Вальдау, пацыентамі якой у розны час былі таксама Вацлаў Ніжынскі, Фрыдрых Глаўзер і Роберт Вальзер. Тут ён ва ўзросце трыццаці пяці гадоў пачаў маляваць, пісаць вершы, ствараць музыку. Пакінуў гіганцкую спадчыну з дзясяткаў тысяч малюнкаў і калажаў, а таксама шэраг музычных і літаратурных твораў (вершаў і прозы).