У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абіхт. Адольф Абіхт (1793 — 2 жніўня 1860) — расійскі навуковец-медык. Ардынарны прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта.
Старэйшы сын філосафа Іагана (Івана) Абіхта. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1810) са ступенню кандыдата. Магістр філасофіі (1811), доктар медыцыны (1815). Зацверджаны ў званні доктара медыцыны 5.7.1816 г., прызначаны кіраўніком гінекалагічнай клінікі пры Віленскім універсітэце. У 1820 г. адпраўлены за мяжу для падрыхтоўкі да прафесуры. На працягу 3 гадоў (да 2.4.1823) падарожнічаў па Германіі і Францыі, слухаў курсы ў Вене і Парыжы. Па вяртанні (1.9.1823) атрымаў прызначэнне на кафедру галоўнага курса паталогіі ў Віленскім універсітэце. У 1827 годзе прызначаны ардынарным прафесарам. Па закрыцці Віленскага ўніверсітэта, з 1 верасня 1832 года, быў прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1837—1841 гадах займаў у акадэміі кафедру агульнай тэрапіі. Па закрыцці акадэміі застаўся ў Вільні, займаўся медыцынскай практыкай. Далучыўся да Медыцынскага таварыства; быў яго сакратаром, а пазней старшынёй. Меў рэпутацыю першага медыцынскага кансультанта краю.
З прац А. Абіхта вядомыя «Institutiones therapiae generalis, quas Scholarum causa conscripsit» (Вільня, 1840), напісаныя па-польску «Заўвагі адносна паталогіі, як асновы медыцынскай сістэмы» і «O jadach i sposobach ich leczenia». У 1829 годзе пераклаў на польскую сачыненне Арфілы «Sposoby ratovania w przipadkach otrucia smierci pozorney».