Аднадворцы — катэгорыя дзяржаўных сялян у Расійскай імперыі[1].
Утварылася з нашчадкаў служылых людзей, якія ў 16-17 ст. сяліліся на паўднёвых мяжах Рускай цэнтралізаванай дзяржавы для яе абароны ад набегаў крымскіх і астраханскіх татараў. У сувязі з перамяшчэннем мяжы на поўдзень апынуліся унутры краіны. Да сяр. 19 ст. налічвалася каля 1,3 млн аднадворцаў, на пач. 20 ст. пражывалі ў асноўным у Курскай, Тамбоўскай, Тульскай, Разанскай, а таксама інш. губерніях.
На тэрыторыі Беларусі ў 19 ст. у стан аднадворцаў, паводле закону ад 19.10.1831 г., залічвалі шляхту, якая не прайшла зацвярджэння дваранскіх правоў[1]. Аднадворцы плацілі штогадовы падатак і падлягалі рэкруцкай павіннасці, большасць з іх не мела сваёй зямлі[2].
У 1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны і як асобная катэгорыя перасталі існаваць.