wd wp Пошук:

Адбіткі зярнят

Адбіткі зярнят — рэшткі раслінных дамешак у кераміцы часоў неаліту, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў. Вывучэнне ляпной керамікі з мэтай ідэнтыфікацыі ўключэнняў насення раслін з дапамогай метадаў біялагічных навук — адзін з накірункаў археабатанікі.

Ганчары наўмысна падсыпалі ў глінянае цеста, падрыхтаванае для лепкі посуду, разнастайныя арганічныя дамешкі, у т.л. расліннага паходжання. У раннім жалезным веку ў якасці штучных абястлушчвальнікаў выкарыстоўвалі зерне збожжавых — мяккай альбо цвёрдай пшаніцы, ячменю, проса, з бабовых — гароху і бобу. Разам з насеннем культурных раслін у фармавое цеста трапляла і пустазелле. Яно прадстаўлена адбіткамі мяшэя зялёнага і нізкага, жыта, куколю звычайнага, драсёна звычайнага і павойнага. У працэсе абпалу ляпнога посуду на звычайным вогнішчы пры тэмпературы 450—750 °С зярняты выгаралі, утвараючы пустоты-адбіткі. Уключэнні зярнят у посудзе насельніцтва мілаградскай культуры складаюць 0,5—2,5% (гарадзішчы Атрубы, Асарэвічы, Гарошкаў, Ліпнякі, Ліскі, Рассвет, Старакраснае, Чорнае, Чырвоная Горка, Ястрабка). Падобная з’ява зафіксавана на помніках днепра-дзвінскай культуры (гарадзішчы Крывель, Новае Сяло, Эсьмоны), культуры штрыхаванай керамікі (гарадзішчы Паліцкае, Прылепы, Пятровічы, Сарачы, Старыя Юркавічы, Шчаткава) і зарубінецкай культуры (гарадзішча Чаплін, селішчы Давыд-Гарадок, Рамель, Струга—1, Хотамель, могільнікі Атвержычы, Чаплін).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Метлюжкакветныя
Катэгорыя·Археалогія ў Беларусі