У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Агат (значэнні).
Агат — мінерал, схаванакрышталічная разнавіднасць кварца, уяўляе сабой тонкавалакністы агрэгат халцэдона з паласатай ці плямістай тэкстурай або дэкаратыўнымі ўключэннямі.
Знакаміты вучоны старажытнасці Пліній Старэйшы лічыў, што назва паходзіць ад ракі Ахатэс (стар.-грэч.: Ἀχάτης) на Сіцыліі (магчыма, сучасная Карабі ці Дзірыла), іншае тлумачэнне — ад грэчаскага «ἀγαθός» — добры, шчаслівы. Часцей за ўсё малюнак агата нагадвае вока. Паводле адной са старажытных легенд, гэта вока нябеснага белага арла, які пасля бітвы з чорным ведзьмаком зваліўся на Зямлю і стаў каменем. А яго вока працягвае глядзець на людзей, аддзяляючы добрыя справы ад злых. Агат таксама завуць Вокам Творцы.
Адрозніваюць: агаты (блакітнавата-шэрыя і белыя), агатавы оніхс (белыя і чорныя слаі), карнеалонікс (чырвоныя і белыя), сардонікс (чырвона-бурыя і белыя) і інш. Характар афарбоўкі — вясёлкавы. Бляск васковы да матавага. Цвёрдасць 6—6,5. Шчыльнасць каля 2,6 г/см³.
Агаты павольна фармаваліся ва ўмовах, якія забяспечваюць праходжанне перыядычных хімічных рэакцый, звязаных з дыфузіяй і перанасычэннем злучэнняў крэмнія. Зоны агатаў могуць мець таўшчыню да 1,5 мкм.
Выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні, як паўкаштоўны камень.