Аві Вігдэрзон (іўр.: אבי ויגדרזון; нар. 9 верасня 1956, Хайфа) — ізраільскі матэматык, спецыяліст у галіне дыскрэтнай матэматыкі і камп’ютарных навук, лаўрэат міжнародных прэмій, у тым ліку Абелеўскай прэміі (2021).
Аві Вігдэрзон нарадзіўся ў 1956 годзе. У 1980 годзе скончыў Тэхніён, і адправіўся ў Прынстанскі ўніверсітэт у ЗША, дзе ў 1983 годзе атрымаў ступень Ph.D. за выкананую пад кіраўніцтвам Рычарда Ліптана працу ў галіне вылічальнай складанасці. Прапрацаваўшы некаторы час у Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, IBM Almaden Research Center у Сан-Хасэ і Даследчым інстытуце матэматычных навук, ён у 1986 годзе атрымаў пастаянную працу ў Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме.
У 1999 годзе Аві Вігдэрзон атрымаў месца ў Інстытуце перспектыўных даследаванняў у ЗША, і ў 2003 годзе адмовіўся ад месца ў Яўрэйскім універсітэце, каб працаваць у Інстытуце перспектыўных даследаванняў на пастаяннай аснове.