У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Архіпаў.
Абрам Яфімавіч Архіпаў (руск.: Абра́м Ефи́мович Архи́пов, 1862, в. Ягорава, Разанская губерня — 25 верасня 1930, Масква) — савецкі жывапісец, народны мастак РСФСР (1927), сапраўдны член АМ (з 1916).
Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1877-83 і 1886-88) у В. Р. Пярова і В. Дз. Паленава і ў Пецярбургскай АМ (1884-86). Член Таварыства перасоўных мастацкіх выставак (з 1891), Саюза рускіх мастакоў (з 1904). Работы 1880-х гг. — жанравыя сцэны (пераважна з жыцця сялян). У 1890-х гг. стварае шэраг лірычных жанрава-пейзажных палотнаў. У гэты перыяд Архіпаў надае асаблівае значэнне праблеме пленэра. У 1900-10-я гг. піша пераважна пейзажы рускай Поўначы. З 1910-х гг. працаваў таксама над партрэтамі, пераважна сялянак. Член АМРР (1924). Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1894—1918), Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях (1918-20).