У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кроль.
Абрам Іосіфавіч Кроль (1 мая 1913 года, Койданава, Мінскі павет, Віленская губерня — 3 лютага 1990 года, Мінск) — беларускі мастак-жывапісец.
Ва ўзросце 15 год паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе вучыўся у Льва Лейтмана і Фёдара Фогта. У 1932 годзе па размеркаванні пераехаў у Мінск, дзе працаваў у прадпрыемстве «Белвыдат». У 19 год стаў вядомы як «узорны жывапісец сацрэалізму», таму яму даверылі афармленне экспазіцый музея Рэвалюцыі, Дома-музей І з’езду РСДРП, Музея Працы. Таксама афармляў калоны рэвалюцыйных святаў і фізкультурных парадаў. У Мінску мастак яшчэ скончыў двухгадовыя курсы жывапісу, што дазволіла яму ўпэўнена пісаць шматфігурныя творы, будаваць іх кампазіцыю і прастору[2].
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў дзеючую армію і дайшоў да Берліна фотакарэспандэнтам і карыкатурыстам франтавой газеты. Быў узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Сям’я мастака загінула ў мінскім гета.
У 1946 годзе стаў членам Саюза мастакоў БССР. З канца 1940-х гадоў Абрам Кроль працаваў галоўным мастаком Музея Вялікай Айчыннай вайны, быў аўтарам першай экспазіцыі музея, у 1970-я гады – намеснікам дырэктара музея па мастацкай частцы.
Працаваў у станковым жывапісе ў жанры пейзажу, сюжэтна-тэматычнай карціны. Шэраг твораў мастак сам прысвяціў Вялікай Айчыннай вайне («Баявое заданне», «Мінскі кацёл» і інш.). Выконваў таксама дзяржаўныя заказы на гісторыка-рэвалюцыйную тэму: «Абвяшчэнне Савецкай улады ў Беларусі» (1948), «Пасля Курлоўскага расстрэлу» (1957), «Перад вобыскам» (1958), «Вырашальны дзень» (1966—1967), «Нараджэнне рэспублікі» (1968).
У пейзажным жывапісе быў эксперыментатарам. Працаваў мастыхінам, ствараючы мяккія каляровыя і ахраматычныя расцяжкі, актыўна выкарыстоўваў паасобны мазок. Аддаваў перавагу зімоваму пейзажу, добра адчуваючы ахраматычную гамму беларускай зімы з шэрымі днямі, змрочным небам і гурбамі снегу, якія вырашаў тонкай тонавай нюансіроўкай[2].
Па ўспамінах сучаснікаў мастак аддаваў перавагу зімовым пленэрам, не гледзячы на іх цяжкасць. Мастацтвазнаўца і даследчык творчасці Абрама Кроля Алег Сурскі заўважыў:
«Абраму Іосіфавічу заўсёды добра пісалася зімой, калі прырода ціхая, формы і лініі лаканічныя, абагульненыя і толькі тонавыя нюансы выдаюць дыханне жыцця…»
У шэрагу зімовых пейзажах прасочваюцца атрыбуты «суровага стылю», які існаваў тады ў савецкім мастацтве, з яго лаканізмам і манументальнасцю, стрыманасцю каларыстычнай гамы. Пад уплывам «генеральнай лініі» у Кроля таксама з’явілася ў сюжэтах «героіка працоўных будняў» і сацыялістычнага адпачынку — лыжнікі на прабежках, спартыўныя спаборніцтвы. Таксама у тыя годы, пад уплывам Віталя Цвіркі, Георгія Ніскага і Сяргея Герасімава былі напісаны манументальныя эпічныя пейзажы.
Нараду з гэтым існуюць і лірычныя пейзажы, у якіх адчуваецца ўласны стыль мастака — «Іней» (1960), «Белая цішыня» (1962), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор», «Шаша» (1967), «Новы Мінск» (1969).
Серыя твораў, прысвечаных гета, была перададзена спадкаемцамі мастака ў 1990-я гады у музеі Ізраіля.