Абдзіжаміл Карымавіч Нурпеі́саў (каз.: Әбдіжәміл Кәрімұлы Нұрпейісов; 22 кастрычніка 1924, с. Какарал, Казалінскі павет, Сырдар’інская вобласць, Туркестанская АССР, РСФСР, СССР — 5 лютага 2022, Алма-Ата, Казахстан) — казахскі пісьменнік. Народны пісьменнік Казахстана (1985). Пісаў на казахскай і рускай мовах.
Нарадзіўся 22 кастрычніка 1924 года ў с. Какарал Казалінскага павета Сырдар’інскай вобласці Туркестанскай АССР РСФСР (цяпер — Аральскі раён, Кызылардзінская вобласць, Казахстан).
У 1942 годзе скончыў сярэднюю школу. У 18 гадоў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Пасля таго, як пачаў службу ў рэзервовым пяхотным палку пад Сталінградам і скончыў кароткатэрміновыя курсы палітработнікаў, з вясны 1944 года прымаў удзел у баях па вызваленні Прыбалтыкі.
У 1950 годзе паступіў у Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1956 годзе. З 1962—1964 гады быў галоўным рэдактарам часопіса «Жулдыз», кансультантам Саюза пісьменнікаў КазСРР. Узначальваў Міжнародны казахскі ПЭН-клуб[4].
Памёр 5 лютага 2022 года[5]ва ўзросце 97 год.
Друкуецца з 1949 года. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Шырынёй сацыяльных абагульненняў, глыбінёй псіхалагічнага аналізу, самабытнымі нацыянальнымі характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70; аднайменны фільм 1979) пра падзеі Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рускай мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літаратурна-крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979).