wd wp Пошук:

Абарона Мадрыда

Абарона Мадрыда — самая працяглая кампанія грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Ход падзей

Кампанія 1936 года

З першых дзён франкіскага бунту яго кіраўнікі надавалі вялікае значэнне авалоданню Мадрыдам. Захопам сталіцы яны разлічвалі вырашыць галоўную задачу — скінуць рэспубліканцаў і зацвердзіць у краіне сваю ўладу. Першая спроба мяцежнікаў авалодаць горадам была прадпрынята ў ліпені 1936 года. Аднак паўнавартасная бітва пачалася восенню.

Да пачатку лістапада паўстанцы ўжо займалі прадмесці Мадрыда, спробы адкінуць іх апынуліся беспаспяховымі. У гэты час урад пераехаў у Валенсію. Мабілізаваўшы амаль усё мужчынскае насельніцтва, рэспубліканцы атрымалі колькасную перавагу над праціўнікам. Да ўрадавай арміі далучаліся савецкія ваенспецы і інтэрнацыянальныя брыгады. Нацыяналісты атрымалі дапамогу з Італіі і Германіі.

У рэшце рэшт рэспубліканцы адкінулі франкістаў.

У канцы года мяцежнікі ажыццявілі яшчэ адну спробу ўзяць Мадрыд падчас т.зв. «Туманнай бітвы», але і ў гэты раз яны пацярпелі няўдачу.

Кампанія 1937 года

У пачатку лютага франкісты ўдарылі з боку ракі Харама. У ходзе баёў нацыяналісты страцілі сілы для далейшага прасоўвання. Да 27 лютага спыніліся і лакальныя сутычкі — горад зноў быў утрыманы, аднак рэспубліканцам так і не ўдалося адкінуць паўстанцаў назад за Хараму на першапачатковыя пазіцыі.

У сакавіку пачалося новае наступленне, цяпер ужо з боку Гвадалахары. На гэты раз ініцыятыву ўзялі італьянскія войскі, якія разлічвалі перарэзаць дарогу на Сарагосу. У дадзены раён былі тут жа сцягнуты дадатковыя сілы, дзякуючы чаму ўдалося дамагчыся разгрому італьянцаў.

У пачатку ліпеня рэспубліканскія войскі нанеслі магутны ўдар па ворагу на паўночны захад ад Мадрыда. У выніку мяцежнікі вымушаны былі перакінуць пад сталіцу значныя сілы з іншых напрамкаў і адмовіцца ад запланаванага наступлення на паўднёвым фронце. З сярэдзіны года асноўныя намаганні бакоў былі перанесены з-пад Мадрыда на Паўночную Іспаніі.

Кампанія 1938 года

У пачатку 1938 года рэспубліканцам удалося сарваць чарговае наступленне франкістаў у выніку паспяховых дзеянняў у Тэруэльскай аперацыі. Пад Мадрыдам абодва бакі трымалі абарону. Навучаныя горкім вопытам, пасля вясновых паражэнняў на розных франтах рэспубліканцы пачалі будаваць палявыя ўмацаванні.

У далейшым наступальныя аперацыі паўстанцамі не праводзіліся з-за недастатковай замежнай дапамогі. Нацыяналісты пасля канфлікту з Германіяй (Франсіска Франка адмовіўся перадаць іспанскую здабываючую прамысловасць пад кантроль немцаў, а Адольф Гітлер у адказ на гэта спыніў пастаўкі нямецкай зброі) не маглі распачаць атаку на добра ўмацаваны і абаронены горад.

Аднак агульная сітуацыя складвалася неспрыяльна для ўрада.

Увосень Савецкі Саюз, не здолеўшы знайсці агульную мову са шматпартыйным кіраўніцтвам Іспаніі і расчараваўшыся ў канфлікце на фоне няўдач, скараціў аб’ёмы ваеннай дапамогі. Савецкія спецыялісты пакінулі краіну. Таксама пачалося расфармаванне і іншых замежных злучэнняў.

Кампанія 1939 года

Асноўны артыкул: Апошняе наступленне (1939) У сакавіку 1939 года, з прычыны ўнутраных праблем, у Мадрыдзе адбыўся дзяржаўны пераварот. Новыя ўлады паспрабавалі заключыць з нацыяналістамі мірнае пагадненне. Многія падраздзяленні рэспубліканцаў капітулявалі або пераходзілі на бок франкістаў. Толькі ў шэрагу гарадоў і раёнаў войскам нацыяналістаў прыйшлося правесці баявыя аперацыі па поўным іх авалоданні. У канчатковым выніку, ужо 28 сакавіка без бою быў заняты Мадрыд, а да 1 красавіка ўся тэрыторыя Іспаніі апынулася за паўстанцамі.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Мадрыд
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі