wd wp Пошук:

Абарона Брэста

Абарона Брэста — вялася савецкімі войскамі напачатку Вялікай Айчыннай вайны, з 22 чэрвеня па 29 чэрвеня 1941 г.

Сілы бакоў

На Брэст і ў абыход з поўначы і поўдня наступалі 4 танкавыя дывізіі 2-й танкавай групы (генерал-оберст Г. Гудэрыян), умацаваным 12-м армейскім корпусам у складзе 3 пяхотных дывізій.

Абарону трымалі сілы 4-й арміі (генерал-маёр Аляксандр Карабкоў) Заходняна фронту ў складзе часцей 6-й (палкоўнік М. А. Папсуй-Шапка) і 42-й (генерал-маёр Иван Лазарэнка) стралковых дывізій 28-га стралковага корпуса (генерал-маёр Васіль Папоў), 22-й танкавай дывізіі (генерал-маёр В. П. Пуганаў), 10-й мяшанай авіядывізіі (палкоўнік Мікалай Бялоў), а таксама воінамі падраздзяленняў 62-га ўмацаванага раёна, 17-га Брэсцкага пагранатрада (маёр А. П. Кузняцоў), байцамі часцей НКУС і інш.

Ход падзей

Масіраваны артылерыйскі ўдар нанесены часткамі 4-й арміі вермахта і 2-м паветраным флотам люфтвафэ ў 3 гадзіны 15 хвілін раніцы 22 чэрвеня 1941 г. па пазіцыях 4-й арміі ўнёс дэзарганізацыі ў дзеянні яе частак.

У першыя гадзіны пасля нападу адбыліся 3 пасяджэнні бюро абкома пад кіраўніцтвам 1-га сакратара Брэсцкага абкома і гаркома КП(б)Б М. М. Тупіцына, на якіх прыняты рашэнні аб накіраванні нарачных на сувязь са штабам вайсковых злучэнняў, на прадпрыемствы і ва ўстановы для арганізацыі тушэння пажараў, дапамогі параненым, высвятлення магчымасцей эвакуацыі насельніцтва па чыгунцы. Артабстрэл горада працягваўся, узнікалі новыя ачагі пажараў, была парушана тэлефонна-тэлеграфная сувязь, праціўнік пранік на вуліцы гораду. Было вырашана выводзіць людзей з горада, а дакументы вывезці ці знішчыць.

Першымі нямецкія войскі сустрэлі пагранічнікі, у т. л. воіны прылеглых да Брэста застаў: 8-й (старшы лейтэнант М. Н. Серветнік), 9-й (лейтэнант А. М. Кіжаватаў) і 10-й (лейтэнант М. К. Ішкоў), з поўдня Брэст прыкрывалі 204-ы гаўбічны (пад камандаваннем начальніка штаба палка капітана I. А. Лук’янчыкава) і 455-ы карпусны (маёр К. I. Каралёў) артпалкі сумесна з іншымі часцямі 28-га стралковага корпуса. Баявыя разлікі гаўбіц нанеслі адчувальныя страты вермахту, асабліва войскам, якія пачалі пераправу цераз Заходні Буг. 204-ы гаўбічны артполк адышоў да в. Камяніца Жыравецкая і абрушыў агонь гаўбіц на пантонны мост, што ўзводзіўся на поўдні ад крэпасці. Потым полк уступіў у адзінаборства з танкавай калонай і мотапяхотай, якім удалося фарсіраваць Заходні Буг у раёне в. Дамачава. У гэтым баі знішчаны 18 танкаў і да батальёна пяхоты вермахта. Лётчыкі 10-й мяшанай авіядывізіі ў складзе 39-га палка скорасных бамбардзіроўшчыкаў (маёр С. М. Захарычаў), 123-га (маёр Б. М. Сурын) і 33-га (маёр М. I. Акулін) знішчальных авіяпалкоў адбівалі налёты люфтвафэ на Брэст, Кобрын, Пружаны. Лейтэнант С. М. Гудзімаў збіў 2 самалёты праціўніка, у т. л. адзін з іх у 5 гадз 20 мін раніцы таранным ударам над Пружанамі. У 10 гадз раніцы лейтэнант П. С. Рабцаў здзейсніў над Брэстам паветраны таран. У першы дзень вайны лётчыкі дывізіі збілі больш за 30 самалётаў люфтвафэ. На бамбардзіроўку танкавых і механізаваных калон вермахта ў раёне Брэста вылятаў экіпаж камандзіра эскадрыллі 207-га далёкабамбардзіровачнага палка 42-й авіядывізіі капітана М. Ф. Гастэлы. Часці 22-й танкавай дывізіі атакавалі на паўднёвай ускраіне Брэста падраздзяленні вермахта, якія пераправіліся цераз Заходні Буг, разграмілі дэсант на Мухаўцы. На паўночнай ускраіне горада баі вялі воіны 447-га карпуснога (палк. А. А. Маўрын), 131-га (маёр Б. С. Губанаў) і 17-га гаўбічнага (маёр А. В. Навіцкі) артпалкоў, слухачы армейскіх курсаў палітрукоў, байцы 18-га асобнага батальёна сувязі (капітан К. Ф. Касаткін) і інш. падраздзяленняў.

Значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы ворагу нанеслі воіны 62-га Брэсцкага ўмацаванага раёна. Але намнога большыя сілы вермахта, абыходзячы крэпасць з поўначы і поўдня, да 7 гадзіны раніцы ўвайшлі ў горад.

Каля Кобрынскага моста націск вермахта стрымлівалі пагранічнікі, воіны розных часцей і жыхары горада. Абарону Брэсцкага абласнога ваенкамата да вечара вялі каля 80 камандзіраў і байцоў абласнога, гарадскога, раённага ваенкаматаў, партыйныя і камсамольскія работнікі пад кіраўніцтвам абласногап ваеннага камісара М. Я. Стафеева. Да 9 гадз вермахт замкнуў кальцо акружэння крэпасці, да 12 гадз на усход ад Брэста быў створаны актыўны фронт абароны, у якім удзельнічалі сабраныя з розных часцей атрады пад камандаваннем намесніка камандзіра 6-й стралковай дывізіі палкоўнік Ф. А. Асташэнкі і камандзіра 42-й стралковай дывізіі генерал-маёр І. С. Лазарэнкі.

Сілы 6-й і 42-й стралковых дывізій па загаду камандзіра 28-га стралковага корпуса спрабавалі пры падтрымцы танкаў перайсці ў контрнаступленне і авалодаць Брэстам з паўночнага ўсходу. Ажыццявіць гэты манеўр не ўдалося. Адыход ад Брэста прыкрываў зводны атрад на чале з камандзірам 333-га стралковага палка палкоўнікам Дз. М. Мацвеевым. Да канца дня танкавыя злучэнні вермахта прасунуліся на усход на 50—60 км. Раніцай 23 чэрвеня 30-я (палкоўнік С. I. Багданаў) і 22-я танкавая дывізіі 14-га механізаванага корпуса (генерал-маёр С. I. Аборын) і часці 28-га стралковага корпуса ажыццявілі спробу контрнаступлення на Брэст. На шэрагу ўчасткаў вораг быў адкінуты на некалькі кіламетраў. На рубяжы КамянецЖабінкаВялікія Радванічы разгарнулася жорсткая сустрэчная бітва. Пад націскам намнога большых сіл вермахта савецкія падраздзяленні вымушаны былі з баямі адступіць, аднак у тыле ворага засталіся ачагі абароны. Больш за месяц абараняліся воіны ў крэпасці. 3 22 да 29 чэрвеня пагранічнікі, работнікі міліцыі і НКУС, чыгуначнікі і пасажыры пад кіраўніцтвам начальніка лінейнага аддзялення міліцыі А. Я. Вараб’ёва, старшыны П. П. Баснева і лейтэнанта М. Шымчанкі абаранялі Брэсцкі вакзал. Ноччу 29 чэрвеня апошнія абаронцы вакзала вырваліся з затопленых падвалаў і пайшлі ў лясы.

6-я стралковая дывізія ўступіла ў бой ўжо ў 4:00, панесла вялікія страты і разрознена адступіла на ўсход, Да канца дня дывізія была разбіта на некалькі груп: асноўныя сілы з кіраўніцтвам дывізіі ў раён Федзькавіч, другая група, якая складалась з частак 125-га стралковага палка і 111-га сапёрнай батальёна — на поўнач ад Жабінкі, трэцяя група ў складзе 84-га стралковага палка і 204-га гаўбічнага артылерыйскага палка ў раён Радваніч.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Бітвы СССР
Катэгорыя·Бітвы ў Беларусі
Катэгорыя·Бітвы Германіі
Катэгорыя·Абарончыя бітвы ў Беларусі (1941)
Катэгорыя·Бітвы паводле алфавіта
Катэгорыя·Канфлікты 1941 года
Катэгорыя·Гісторыя Брэста
Катэгорыя·Чэрвень 1941 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·1941 год у Брэсце