wd wp Пошук:

Абарона Аўеда

Абарона Аўеда — адна з падзей пачатковага перыяду грамадзянскай вайны ў Іспаніі, калі гарнізон Аўеда на чале з палкоўнікам Антоніа Аранда, падтрымаўшы ваенны мяцеж супраць рэспубліканскага ўрада, захапіў горад і абараняў яго да 17 кастрычніка 1936 года, пакуль не быў дэблакаваны.

Мяцеж

Пасля пачатку 17 ліпеня 1936 года ваеннага бунту ў Марока супраць урада Рэспублікі прафсаюзы і левыя партыі пачалі фармаваць апалчэнні (мілісіянас) і ўзбройвацца для барацьбы з паўстаннем. У Аўеда, сталіцы правінцыі Астурыя, генерал Антоніа Аранда спачатку абвясціў, што застаецца верным ураду, але 19 ліпеня далучыўся да ваеннага паўстання, падтрыманага салдатамі, грамадзянскай і штурмавой гвардыяй. Яны ўзялі горад пад свой кантроль, не сустракаючы вялікага супраціву.

Аднак сітуацыя для паўстанцаў была няпростай, паколькі астатняя частка правінцыі заставалася вернай уладам, чые шматлікія апалчэнцы неўзабаве акружылі горад. У мяцежнікаў была адна перавага — яны былі лепш навучаны і ўзброены. У дадатак рэспубліканскія сілы сутыкнуліся з яшчэ адным ваенным мецяжом у Хіхоне, дзе быў порт, захаванне якога мела стратэгічнае значэнне для ўрада, таму іх асноўныя сілы прыступілі да аблогі гэтага горада.

Пачатак абароны

Пасля захопу Хіхона, 16 жніўня, усе рэспубліканскія апалчэнні, якія былі сканцэнтраваны там, рушылі ў бок Аўеда. Месяц без баёў дазволіў мяцежнікам падрыхтавацца да абароны горада. Яны занялі пагоркі, якія атачалі горад, і ўмацавалі іх. У Аўеда меліся запасы ежы і вады, неабходныя для працяглай абароны. Акрамя таго, абложаныя ведалі, што мяцежныя войскі з Галісіі накіроўваюцца на выручку горада.

Да 4 верасня праходзілі нязначныя баявыя дзеянні, але потым рэспубліканцы пачалі паветраны і артылерыйскі абстрэл горада. Чатыры дні праз, яны паспрабавалі захапіць самы аддалены фарпост. Пасля 12-гадзіннага бою пры падтрымцы трох танкаў Трубія A-4 (іспанская версія Рэно FT) мяцежнікі адкінулі ўрадавых апалчэнцаў.

Горад падвяргаўся штодзённым артылерыйскім абстрэлам і час ад часу — паветраным. Рэспубліканскія атакі сталі больш частымі. Апалчэнцы выкарыстоўвалі танкі і некалькі браняваных машын. Велізарнай перавагай апалчэнцаў стала іх колькасная перавага: іх было больш за 10 000 супраць 3000 мяцежнікаў. На працягу верасня аблога станавілася ўсё больш лютаснай, і апалчэнцы захапілі некалькі пагоркаў, якія атачалі горад, і адключылі водазабеспячэнне. Вада пачала заканчвацца, што прывяло да распаўсюджвання брушнога тыфа сярод вайскоўцаў і грамадзянскага насельніцтва. Рэспубліканцы мелі свае праблемы: было мала боепрыпасаў, таму яны неслі велізарныя страты і павольна прасоўваліся.

Апошні штурм і дэблакада

4 кастрычніка апалчэнцы Народнага Фронту пачалі масіраваную атаку на горад. Нападнікі спяшаліся, бо падраздзяленні нацыяналістаў з Галісіі падышлі на 40 км да Аўеда.

12 кастрычніка рэспубліканцам удалося ўвайсці ў горад, дзе разгарэліся вулічныя баі. У абаранялых скончыліся боепрыпасы, і часта бой пераходзіў у рукапашныя сутычкі. Калі ў Аранды засталося ўсяго 500 чалавек, ён адступіў у казармы, і па радыё, сілкаванага ад аўтамабільнага акумулятара, заклікаў абаронцаў «змагацца, як іспанцы, да канца». Ён адправіў паведамленне калоне дапамогі нацыяналістаў з Галісіі, у якім заявіў, што, хоць у яго войскаў скончыліся боепрыпасы, яны будуць змагацца да апошняга.

Нарэшце, 16 кастрычніка, нацыяналістычныя войскі ўвайшлі ў горад і злучыліся з апошнімі абложанымі. Рэспубліканцы, у якіх таксама амаль не засталося боепрыпасаў, спынілі атакі і адступілі на свае пазіцыі, займаныя ў пачатку аблогі.

Нацыяналісты прабілі вузкі калідор у Аўеда і ўтрымлівалі горад яшчэ год.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Жнівень 1936 года
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі
Катэгорыя·Кастрычнік 1936 года
Катэгорыя·Верасень 1936 года
Катэгорыя·1936 год у Іспаніі
Катэгорыя·Аўеда
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Гісторыя Астурыі