wd wp Пошук:

Ааміцэты

Ааміцэты (Oomycota, Oomycetes) — аддзел (ці клас) мікраскапічных міцэліяльных арганізмаў. Раней адносілаіся да грыбоў (фікаміцэтаў), затым пераведзены з царства Fungi ў Chromista (па іншай сістэме ў Straminopila)[1]. Апошнія ўключаюць, нароўні з шэрагам груп водарасцей, грыбападобныя арганізмы, адрозныя ад сапраўдных грыбоў паводле біяхімічнага складу клетак, іх ультраструктуры, наяўнасці стадыі са жгуцікамі (гладкім і пёрыстым). Падабенства гэтай групы з грыбамі выяўляецца ў будове грыбніцы (міцэлію) і размнажэнні спорамі.

Будова

Міцэлій цэнацытны, г.зн. шматядзерны, які не мае перагародак, акрамя тых, якія адасабляюць рэпрадуктыўныя органы. Ён звычайна разгаліноўваецца слаба, у некаторых прымітыўных відаў фармуе плазмодый. Клетачная сценка складаецца з цэлюлозы (а не хіціну як у сапраўдных грыбоў) і глюкана. Гэта сведчыць пра паходжанне аамаіцэтаў ад жоўта-зялёных водарасцей або флагелятаў.

Уключаюць два класы: гіфахітрыдыяміцэты (Hyphochytridiomycetes) і ўласна ааміцэты (Oomycetes). Да першага класа адносяцца водныя арганізмы са слаба развітым міцэліем, якія паразітуюць на водарасцях і некаторых водных беспазваночных. Палавы працэс характарызуецца зліццём дзвюх рухомых гамет. У прадстаўнікоў другога класа міцэлій няклетачны, добра развіты. Падчас аагамнага палавога працэсу зліваюцца яйцаклетка і спецыялізаваная шмат’ядравая галіна міцэлію — антэрыдый.

Пашырэнне

Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўночнай Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральныя (Peronosporales) і сапралегніяльныя (Saprolegniales).

Жывуць пераважна ў водным асяроддзі, дзе выклікаюць раневыя інфекцыі рыб або з’яўляюцца сапратрофамі. Іншыя з’яўляюцца паразітамі вышэйшых раслін, у прыватнасці, да ааміцэтаў адносіцца Phytophthora infestans, якая выклікае фітафтароз бульбы.

Цыкл развіцця

Ааміцэты размнажаюцца як бясполым, так і палавым шляхам. Пры бясполым размнажэнні ўтвараюцца зааспоры ў спарангіях. У шэрагу выпадкаў спарангій можа аддзяляцца ад спарангіяносьбіта і прарастаць як адна спора. Зааспоры маюць два жгуцікі — пярэдні пёрысты і кнутападобны задні, уласна i служыць для перамяшчэння.

Палавое размнажэнне прадстаўлена своеасаблівай аагаміяй. Аагоній змяшчае адну або некалькі яйцаклетак, у той час як антэрыдый не ўтварае адасобленых гамет і пры апладненні проста пералівае частку свайго клетачнага змесціва з ядрамі ў аагоній, што з’яўляецца характэрнай прыкметай, паводле якой вылучана група. Утвораныя пасля апладнення ааспоры з’яўляюцца спачывальнай формай ааміцэта, у якой ён знаходзіцца ў неспрыяльны перыяд, напрыклад, зімой. Увесну яны прарастаюць, даючы зааспарангій. Такім чынам, ааспоры да таго ж і адзіная дыплоідная стадыя ў цыкле развіцця ааміцэтаў. Для ааміцэтаў характэрны гінадраміксіс (ад «гіна» — жаночы, «андрас» — мужчынскі), г.зн. змена полу пры наяўнасці пэўных ферамонаў (антэрыдыёл, ааганіёл). Сустракаецца толькі ў двудомных, у якіх антэрыдыі і архегоніі развіваюцца на розных таломах.

Зноскі

  1. Большая росийская энциклопедия

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Ааміцэты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Храмісты паводле алфавіта