Японскае агенцтва аэракасмічных даследаванняў (яп.: 宇宙航空研究開発機構 Уцю:-Ко:ку-Кэнкю:-Кайхацу-Кіко:?) або JAXA (англ.: Japan Aerospace eXploration Agency) — дзяржаўнае агенцтва, якое адказвае за касмічную і авіяцыйную праграму Японіі. Агенцтва было створана 1 кастрычніка 2003 года пасля зліцця трох раней незалежных арганізацый. Зараз JAXA валодае магчымасцю запуску штучных спадарожнікаў Зямлі, аўтаматычных міжпланетных станцый, удзельнічае ў праграме Міжнароднай касмічнай станцыі, плануе стварэнне пілатуемай касманаўтыкі і асваенне Месяца.
1 кастрычніка 2003 тры арганізацыі: японскі Інстытут касманаўтыкі і аэранаўтыкі (Institute of Space and Aeronautical Science, ISAS), Нацыянальная аэракасмічная лабараторыя Японіі (National Aerospace Laboratory of Japan, NAL), і японскае Нацыянальнае агенцтва па даследаванні космасу (National Space Development Agency, NASDA), аб’ядналіся ў адзіную структуру, якая атрымала назву JAXA.
Да зліцця, гэтыя арганізацыі ажыццяўлялі развіццё розных сектараў японскай касманаўтыкі: ISAS факусаваўся на даследаваннях касмічнага асяроддзя і планет, NAL на даследаваннях у галіне аэранаўтыкі. Нацыянальнае агенцтва па даследаванні космасу было ўтворана 1 кастрычніка 1969 і займалася распрацоўкай ракет-носьбітаў, спадарожнікаў, а таксама будаўніцтвам японскага эксперыментальнага модуля «Кібо» для Міжнароднай касмічнай станцыі. Штаб-кватэра NASDA размяшчалася ў будынках цяперашняга Касмічнага цэнтра Танегасіма на востраве Танегасіма, за 115 км на поўдзень ад Кюсю.