wd wp Пошук:

Юрай

Юрай (Юр’я, Юрыла, Ярыла) — фальклорна-міфалагічны вобраз, ахоўнік вясны, сонца, цеплыні, урадлівасці і дзікай і свойская жывёлы. Імя хрысціянскага святога Георгія (Ягорыя, Юрыя) напластавалася на постаць язычніцкага бога Ярылы. Меркавана Юрай пераняў і некаторыя функцыі Вялеса — апекуна жывёл і нават гаспадара зімы («зімовы Юрай»). Уяўляўся прыгожым юнаком на кані.

Варыянты імя

Першапачатковае імя бога — Ярыла — перацярпела складаны сімбіёз з хрысціянскім імем Георгій. Народныя перакручванні апошняга (Ягорый, нават Грыгорый) у спалучэнні далі імя Юрай (Юр’я і нават Юрыла). У замовах носіць імя Юрый-Ягорый ці Юрый-Грыгорый.

Юрай як ахоўнік вясны і ўраджаю

У веснавых і юраўскіх песнях Юрай з’яўляецца ў наступных сюжэтных тыпах:

«Юр'я! Падай ключы, Юр'я!
Юр'я! Нашто ключы? Юр'я!
Юр'я! Зямлю адмыкаць. Юр'я!
Юр'я! Нашто адмыкаць? Юр'я!
Юр'я! Расу пушчаць. Юр'я!
Юр'я! Нашто раса? Юр'я!
Юр'я! Для каровак. Юр'я!».

— (Gawrońska, с. 40—41, № 22. Зап. праф. Бр. Руткоўскі ў Свянцянскім п. )

У Валачобных песнях пашыраны такі сюжэт: Бог збірае ўсіх святых на свята, але няма Юрая. Па яго выпраўляецца святы Ілля, але Юрай прыязджае сам, а на пытанне, дзе быў, адказвае, што даглядаў палі: цяпер дзе гара — там жыта капа, дзе лужок — там сена стажок[3].

Як змагар з цмокам

У некаторых народных баладах і паданнях перамагае цмока — фактычна многія сюжэты паўтараюць гісторыю хрысціянскага правобраза Юрая — святога Георгія.

Як ахоўнік жывёл

У народзе Юрай лічыўся гаспадаром над хатнімі і дзікімі звярамі. Вясной (канец красавіка — пачатак мая, калі святкавалі веснавы дзень Юр’я) актыўнасць ваўкоў зніжалася, але зімой (пачатак снежня, на «зімовага Юрая») яны зноў збіраліся ў стаі і рабіліся небяспечнымі для свойскай жывёлы і людзей. Людзі тлумачылі гэта тым, что вясной Юрай ездзіць на белым кані і замыкае ваўкам пашчы, а ў пачатку зімы ён вяртаў ваўкам свабоду. «Асенні Юрай адмыкае раты ваўкам, такім чынам, з гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць табунамі і нападаць на скаціну»[4]. З Юр’ем звязваўся першы выпас свойскай жывёлы. Калі першы раз выганялі кароў (6 мая, гэты дзень зваўся Галодны Юрай), на полі сцялілі хусту, клалі на яе хлеб з соллю і прасілі Юрая: «На табе, святы Юрый, хлеб-соль, пасі нашу скацінку». У замовах Юрая заклікалі даглядаць кароў, ездзіць на кані і «засякаць» жалезным мячом языкі ведзьмам, каб тыя не псавалі скаціну, «зажаць» пашчы дзікім драпежнікам і г.д. Таксама прасілі пасці коней і адганяць ад іх хлеўніка і цмока. У замовах жа ўжываецца словазлучэнне «юраўскія росы»[5].

Юрай у прыказках і прымаўках

Гл. таксама

Спасылкі

Зноскі

  1. Юраўскія песні
  2. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выданне, дапоўненае. — Мінск: Беларусь, 2006. — 500 с.: іл.
  3. Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А. С. Ліса. Мн., 1992. Архівавана 14 мая 2013.
  4. Радзіма мая — Беларусь. 9 СНЕЖНЯ — ЗІМОВЫ ЮРАЙ.
  5. Хрэстаматыя: вучэбны дапаможнік па раздзеле «Замовы» для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01"Беларуская філалогія" / уклад., сістэм. тэкстаў, уступ. арт. С. А. Вяргеенка; Мін-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. — 66 с.
  6. В. Палешына, запісана Н. А. Канінай
  7. В. Гарысты Веткаўскага р- на
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народная Біблія
Катэгорыя·Беларуская міфалогія
Катэгорыя·Міфалогія