Юзуфо́ўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2011 г. вёска) Юзуфова.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Гатовінскі сельсавет у складзе Заслаўскага раёна Мінскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Гатовіна. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Заслаўскім раёне БССР. Пасля ўвядзення абласнога падзелу 20 лютага 1938 года ў Заслаўскім раёне Мінскай вобласці. У 1939 годзе цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Буцэвічы. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Шапялёўскага сельсавета[1]. З 8 жніўня 1959 года сельсавет у складзе Мінскага раёна. 20 студзеня 1960 года ў склад сельсавета з Рагаўскога сельсавета перададзены вёскі Скнаравічы і Чэрнікі[2]. У 1968 годзе цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Юзуфова. 19 сакавіка 1974 года Гатовінскі сельсавет перайменаваны ў Юзуфоўскі. 28 мая 2013 года ў склад сельсавета з Папярнянскага сельсавета перададзены 4 населеныя пункты: Камсамолец, Лускава, Лясіны і Саламарэчча[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (18 населеных пунктаў) — 1319 чалавек[4], з іх 89,5 % — беларусы, 7,2 % — рускія, 1,3 % — украінцы, 0,6 % — армяне[5].