wd wp Пошук:

Этгар Керэт

Этгар Керэт (іўр.: אתגר קרת; нар. 20 жніўня 1967, Рамат-Ган) — ізраільскі пісьменнік, сцэнарыст і драматург. Піша на іўрыце.

Біяграфія

Нарадзіўся і вырас у Рамат-Гане, Ізраіль у сям’і Эфраіма і Арэны Керэт, польскіх яўрэяў, якія перажылі Халакост. Жыве ў Тэль-Авіве. Жанаты з актрысай Шырай Гефен, мае сына. Выкладае ў Тэль-Авіўскім універсітэце і ўніверсітэце Бэн-Гурыёна.

Лаўрэат прэміі прэм’ер-міністра Ізраіля (1998), кавалер французскага ордэна мастацтваў і літаратуры (2010). У красавіку 2016 года наведаў Мінск, выступаў перад беларускімі чытачамі[5].

Творчасць

Літаратура

Аўтограф Керэта, дадзены на з'ездзе пісьменнікаў у Іерусаліме, 2010.

Творчасць Этгара Керэта характарызуюць як постмадэрнісцкую, часта заснаваную на абсурдзе і іроніі. Яго мова простая, блізкая да гутарковай, не цураецца слэнгу. Асноўны жанр — кароткае апавяданне. Характэрная пазіцыя апавядальніка — пазіцыя старонняга назіральніка, наіўнага дзіцяці, няўдачніка. Свет яго твораў часта адначасова фантастычны і паўсядзённа-банальны. Этгар Керэт паўплываў на творчасць маладзейшых ізраільскіх пісьменнікаў. Дзякуючы яму ўзрасла папулярнасць жанру апавядання ў ізраільскай літаратуры.

Паводле беларускай літаратурнай аглядальніцы Насты Грышчук, «у прозе Керэта смех не з’яўляецца самамэтай. Для яго іронія і самаіронія (другой, здаецца, нават больш) з’яўляюцца адначасова і падмуркам, і шчытом […] Гатоўнасць (аўта)героя Этгара Керэта сустрэць усякае выпрабаванне з усмешкай нагадвае нашага Несцерку»[6].

Першая кніга Этгара Керэта, «Трубы», выйшла ў 1992 годзе. Агулам у Этгара Керэта выйшла 4 зборнікі апавяданняў, 2 кнігі коміксаў і кніга для дзяцей. Яго апавяданне «Сірэна» уключана ў абавязковую праграму па літаратуры. Ізраільская газета «Едыёт Ахранот» назвала кнігу Керэта «Туга па Кісінджэры» ў ліку пяцідзесяці найзначнейшых твораў ізраільскай іўрыцкай літаратуры. Творы Керэта перакладаліся на англійскую, іспанскую, беларускую і звыш 30 іншых моў[7].

Кіно, тэлебачанне, тэатр

У 1993 годзе Этгар Керэт атрымаў першы прыз на тэатральным фестывалі ў Ака за мюзікл «Аперацыя Энтэбе». Ён напісаў сцэнарыі для некалькіх сезонаў сатырычнай тэлеперадачы «Камерны квінтэт» і шмат кароткаметражных фільмаў. Адзін з іх, «Каралева Чарвякоў» (Skin Deep, 1996) атрымаў прыз Ізраільскай кінаакадэміі і заваяваў першае месца на Мюнхенскім фестывалі школ кіно. Па апавяданні Керэта знята чорная рамантычная камедыя «Самазабойцы: Гісторыя кахання»[8] (2006), якая заваявала 9 узнагарод на розных кінафестывалях. У 2007 годзе Керэт разам з жонкай паставіў фільм «Медузы»[9], які атрымаў «Залатую Камеру» на Канскім кінафестывалі. У 2009 годзе выйшаў ізраільска-аўстралійскі поўнаметражны мультфільм «9,99$»[10] па сцэнарыі Керэта.

Беларускія пераклады

Паасобныя творы перакладалі П. Касцюкевіч, В. Рубінчык і С. Шупа.

Зноскі

  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  2. Etgar Keret // Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. (unspecified title) Праверана 8 ліпеня 2019.
  4. (unspecified title) Праверана 3 ліпеня 2019.
  5. http://belisrael.info/?p=10378&
  6. http://zviazda.by/be/news/20160605/1465118560-boyki-alavyany-saldacik
  7. Старонка аўтара на сайце Institute for the Translation of Hebrew Literature Архівавана 24 чэрвеня 2008. (англ.)
  8. «Самазабойцы: Гісторыя кахання» на IMDB (англ.)
  9. «Медузы» на IMDB (англ.)
  10. «9.99$» на IMDB (англ.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Тэль-Авіўскай акрузе
Катэгорыя·Кавалеры французскага Ордэна мастацтваў і літаратуры
Катэгорыя·Пісьменнікі на іўрыце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1967 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Пісьменнікі Ізраіля
Катэгорыя·Выпускнікі Тэль-Авіўскага ўніверсітэта