«Эпічны тэатр» (ням.: episches Theater) — тэатральная тэорыя драматурга і рэжысёра Бертольта Брэхта, якая аказала значны ўплыў на развіццё сусветнага драматычнага тэатра[1].
Тэарэтычна распрацаваныя Брэхтам метады пабудовы п’ес і спектакляў: злучэнне драматычнага дзеяння з эпічнай апавядальнасцю, уключэнне ў спектакль самога аўтара, «эфект ачужэння» як спосаб прадставіць з’яву з нечаканага боку, а таксама прынцып «дыстанцавання», які дазваляе акцёру выказаць сваё стаўленне да персанажа, разбурэнне так званай «чацвёртай сцяны», што адлучае сцэну ад глядзельнай залы, і магчымасць непасрэдных зносін акцёра з гледачом — трывала ўвайшлі ў еўрапейскую тэатральную культуру[2][3][4]
Сваю тэорыю, якая абапіраецца на традыцыі заходнееўрапейскага «тэатра прадстаўлення», Брэхт супрацьпастаўляў «псіхалагічнаму» тэатру («тэатру перажывання»), які звязваюць звычайна з імем К. С. Станіслаўскага, які менавіта для гэтага тэатра распрацаваў сістэму працы акцёра над роляй. Пры гэтым сам Брэхт, як рэжысёр, падчас працы ахвотна карыстаўся і метадамі Станіслаўскага і карэннае адрозненне бачыў у прынцыпах узаемаадносін паміж сцэнай і глядзельнай залай, у той «звышзадачы», дзеля якой ставіцца спектакль[5].
Ідэі Брэхта захапілі найбуйнейшых тэатральных рэжысёраў другой паловы XX стагоддзя, Жан-Люк Гадар перанёс іх і ў кінематограф[6]; але сфармуляваныя драматургам прынцыпы былі разлічаны на тых, хто, па яго словах, «заслугоўвае звання мастака», і найменш прадуктыўным апынулася літаральнае прытрымліванне яго тэарэтычных эсэ[7][8].