wd wp Пошук:

Эндакрынная сістэма

Галоўныя залозы ўнутранай сакрэцыі (злева — мужчына, справа — жанчына): 1. Эпіфіз (адносяць да дыфузнай эндакрыннай сістэме) 2. Гіпофіз 3. Шчытападобная залоза 4. Тымус 5. Наднырачнік 6. Падстраўнікавая залоза 7. Яечнік 8. Семяннік

Эндакрынная сістэма — сістэма рэгуляцыі дзейнасці ўнутраных органаў пры дапамозе гармонаў. Яе ўтварае група органаў, што выпрацоўваюць біялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) і выдзяляюць іх у кроў і лімфу.

Падтрыманне пастаянства ўнутранага асяроддзя і ажыццяўленне асноўных жыццёвых функцый адбываецца пры ўдзеле біялагічна актыўных рэчываў. Так, гармоны ўтвараюцца ў залозах унутранай сакрэцыі і дастаўляюцца крывёй да ўсіх тканак і органаў чалавечага цела. Звязваючыся з рэцэптарамі клетак, гармоны змяняюць функцыянальную актыўнасць розных тканак, падладкоўваючы яе пад запыты арганізма. Акрамя таго, ныркі, лёгкія, страўнік і іншыя органы ўдзельнічаюць у выпрацоўцы гармонаў, якія аказваюць не толькі мясцовае ўздзеянне, але і ініцыіруюць утварэнне гармонаў у іншых органах і залозах.

Эндакрынная сістэма ўключае залозы ўнутранай сакрэцыі (гіпофіз, шчытападобную залозу, наднырачнікі і інш.). Яны выпрацоўваюць і выдзяляюць у кроў біялагічна актыўныя рэчывы, якія выконваюць функцыю рэгуляцыі практычна ўсіх працэсаў жыццядзейнасці. Залозы ўнутранай сакрэцыі ўтвараюць усе стэроідныя гармоны, гармоны шчытападобнай залозы і многія пептыдныя гармоны. Дыфузная эндакрынная сістэма прадстаўлена рассеянымі па ўсім арганізме эндакрыннымі клеткамі, якія прадуцыруюць гармоны. Практычна ў кожнай тканцы арганізму змяшчаюцца эндакрынныя клеткі.

У клетках гіпофіза выпрацоўваюцца гармоны, якія ўплываюць на нервовую сістэму, кантралююць дзейнасць іншых залоз унутранай сакрэцыі, уздзейнічаюць на функцыі тканак і органаў. Некаторыя гармоны сінтэзуюцца ў арганізме незалежна ад уплыву гіпофіза. Да іх адносяцца інсулін і глюкагон — гармоны падстраўнікавай залозы. Яны кантралююць узровень глюкозы ў крыві. Адрэналін і норадрэналін — гармоны мазгавога рэчыва наднырачнікаў — павышаюць крывяны ціск і стымулююць вугляводны абмен.

Вышэйшым цэнтрам рэгуляцыі дзейнасці эндакрыннай сістэмы з’яўляецца гіпаталамус — аддзел прамежкавага мозга, цесна звязаны з гіпофізам. Разам з гіпаталамусам істотную ролю ў падтрыманні на аптымальным узроўні розных параметраў унутранага асяроддзя арганізма адыгрываюць і некаторыя прадукты абмену рэчываў.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Сістэмы органаў
Эндакрынная сістэма
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы