wd wp Пошук:

Эканоміка Перу

Агульная характарыстыка

Гандаль на вуліцы Лімы

Перу адносяць да ліку дзяржаў, якія развіваюцца. Аснову нацыянальнай эканомікі складаюць гарнарудная прамысловасць, сельская гаспадарка і рыбалоўства. Цяперашняе кіраўніцтва краіны надае значную ўвагу стварэнню спрыяльных умоў для эканамічнага развіцця, інтэграцыі Перу ў сусветную гаспадарку, падтрыманню ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў з усімі дзяржавамі свету, забеспячэнню прытоку замежных інвестыцый і фінансавай дапамогі. Пачатак ХХІ стагоддзя стаў паспяховым для перуанскай эканомікі, у 2012 амерыканскія эканамісты аднеслі краіну да «Ціхаакіянскіх пум» разам з Чылі, Калумбіяй, Мексікай. Адмоўную ролю грае моцная залежнасць ад кошту сыравіны на сусветным рынку: паколькі 55 % экспарту складаюць мінеральныя рэсурсы, у 2013—2016 гг. у сувязі з нізкімі цэнамі на сыравіну эканоміка Перу расла нізкімі тэмпамі. Сёння (2017) ВУП на душу насельніцтва Перу складае каля 14000 — крыху ніжэйшы за сярэдні ў Паўднёвай Амерыцы[1].

Перу ў 2006

Дынаміка беднасці ў Перу

У 2006 аб’ём ВУП у параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 7,5 % і склаў 72 млрд дол., прыбытак на душу насельніцтва — 2580 дол. Узровень інфляцыі — меней 2 %. Узровень беспрацоўя — 8,5 %, дзяржаўны доўг — 28 млрд дол., золатавалютныя запасы — 17,8 млрд дол.. Аб’ём знешнегандлёвага абарачэння ў 2006 склаў 38,1 млрд дол. (у 2005 — 29,8 млрд дол.), у т.л. экспарт — 23,5 млрд дол. (у 2005 — 17,0 млрд дол.).

Здабыўная прамысловасць

Перу займае дугое месца ў свеце па здабычы медзі, першае ў Лацінскай Амерыцы — па здабычы золата; уваходзіць у першую дзясятку сусветных вытворцаў і экспарцёраў вісмуту, вальфраму, волава, тэлурыя, цынку, свінцу, серабра, індыю, селену, ртуці, малібдэну, кадмію. Здабыча нафты ў 2016 склала 5,6 млн тон[2], што не забяспечыла ўнутраных патрэбаў, хоць Перу традыцыйна адносяць да экспарцёраў нафты.

Апрацоўчая прамысловасць

Перу мае вялікі энергетычны патэнцыял, пераважна гэта нафта і гідраэнергарэсурсы. Аснову энергетыкі складае нафта, што ў здабываецца на ўсходзе краіны ў рэгіёне Ларэта. ГЭС выпрацоўваюць толькі 7 % электраэнергіі, астатняе прыходзіцца на ЦЭС. Прамысловасць дастаткова развітая (сталеліцейная, аўтазборачная, тэкстыльная, харчовая).

Сельская гаспадарка і рыбалоўства

На экспарт вырошчваюцца кава, спаржа. Для ўнутранага рынку: кукуруза, бульба, ячмень. Дзякуючы багатай кіслародам і мінеральнымі рэчывамі вадзе халоднага цячэння, на Перу прыходзіцца 10 % сусветнага ўлову марской рыбы. Асноўны аб’ект рыбалоўства — перуанскі анчоус. Краіна займае першае месца ў свеце па экспарце рыбнай мукі. Паспяхова развіваецца турызм.

Знешні гандаль

Порт Кальяа

Артыкуламі перуанскага экспарту з’яўляюцца руды каляровых металаў, а таксама кава, воўна, бавоўна, тэкстыль, морапрадукты. Увозяцца машыны і абсталяванне, прамысловая сыравіна, спажывецкія тавары. Знешнеэканамічныя сувязі Перу досыць дыверсіфікаваныя. Асноўныя гандлёвыя партнёры: ЗША, ЕС (найболей моцныя пазіцыі традыцыйна ў Іспаніі), дзяржавы Лацінскай Амерыкі, а таксама Японія і Паўднёвая Карэя. Асобна варта сказаць пра Кітай: у 2016 Кітай атрымаў чвэрць перуанскага экспарту і паставіў 22 % імпарту[3]. Міжнародны гандаль ажыццяўляецца ў асноўным пры дапамозе марскога транспарту, галоўны порт — Кальяа.

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pe.html Архівавана 27 лістапада 2020.
  2. https://www.bp.com/content/dam/bp/en/corporate/pdf/energy-economics/statistical-review-2017/bp-statistical-review-of-world-energy-2017-full-report.pdf Архівавана 5 ліпеня 2012.
  3. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=173&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Эканоміка Перу