Эдынбургскі ўніверсітэт імя Непера (англ.: Edinburgh Napier University) — брытанская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта з сядзібай у горадзе Эдынбург у Шатландыі.
Тэхнічны каледж імя Непера, папярэднік сучаснага ўніверсітэта, быў заснаваны ў 1964 годзе, узяўшы сваю назву ад шатландскага матэматыка і філосафа XVI стагоддзя Джона Непера. Тэхнічны каледж стаў універсітэтам у 1992 годзе. У 2009 годзе ўніверсітэт быў перайменаваны ў Эдынбургскі ўніверсітэт імя Непера.
Універсітэт канцэнтруецца вакол трох асноўных кампусаў у Эдынбурзе. У ім навучаецца больш за 19 500 студэнтаў, у тым ліку якія вучацца па транснацыянальных праграмах за мяжой і праз інтэрнэт. У 2018 годзе вучэльня ўключала амаль 9 500 замежных студэнтаў і студэнтаў з ЕС з больш чым 140 краін свету.