wd wp Пошук:

Шкоты

Шкоты, Шоты — у беларускіх і польскіх крыніцах XVIXVII стагоддзяў назва шатландскіх імігрантаў, аселых у Рэчы Паспалітай.

Яшчэ ў 1503 годзе Петркоўскі сейм разглядаў праект пасялення шатландскіх каланістаў у літоўскіх замках на Дняпры, спустошаных пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 15001503 гадоў. Пазней шатландцы з’яўляюцца ў ВКЛ і як наёмнікі ў войску, і як мірныя дробныя гандляры. У апошняй якасці з 1563 года сеймавыя канстытуцыі згадваюць іх як сур’ёзных канкурэнтаў мясцоваму купецтву і абкладаюць дадатковымі падаткамі. Нягледзячы на скаргі і пераслед, шкоты хутка амаль манапалізавалі гандаль цэлымі катэгорыямі тавараў, вядомымі як «речи шкоцкие»: ручнікі і рукавіцы, пацеркі і бялілы, венікі і нажы, грабяні і ніткі, іголкі, напарсткі і панчохі і г. д. Пасяленне шкотаў у Рэчы Паспалітай набыло такі размах і вядомасць, што англійскі драматург Джон Уэбстэр пісаў у п’есе «Белы д’ябал» (1610) пра «сорак тысяч шатландскіх гандляроў у Польшчы». У 1583 годзе пад час паломніцтва ў Палесціну Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» пісаў пра ўбачаных ім у Сірыі вулічных гандляроў-друзаў, што яны «як нашы шкоты ў корабах розныя дробныя рэчы для продажу носяць па вуліцах». Адным з найбольш вядомых прафесараў філасофіі Віленскага ўніверсітэта ў XVI стагоддзі (15701575) быў вядомы езуіт з Шатландыі Джон Хэй (15461607). Медны шатландскі пэні з 1640-х стаў першым прадстаўніком меднага манетнага абарачэння на тэрыторыі Беларусі.

З’яўляючыся кальвіністамі па веравызнанні, шкоты пераважна сяліліся ў гарадах і мястэчках, якія належалі літоўскім магнатам-кальвіністам. Асабліва вялікія калоніі шкотаў у XVII стагоддзі існавалі ў рэзідэнцыях кальвінісцкай галіны РадзівілаўСлуцку і Кейданах. Паводле ўспамінаў шкота П. Гордана, Януш Радзівіл і яго сын Багуслаў «мелі кампанію цалкам ці пераважна з шатландцаў». Некаторыя з іх пры фундатарстве Радзівілаў займаліся навукай і мастацтвам; напрыклад, Дж. Джонстан выдаў у 1665 годзе ў Амстэрдаме кнігу «Thaumatographia Naturalis», прысвечаную Янушу і Багуславу Радзівілам.

У войнах Рэчы Паспалітай з Расіяй шкоты ўдзельнічалі як наёмнікі з абодвух бакоў, часам па некалькі разоў пераходзячы да праціўніка. Вялікая колькасць шкотаў з войска шведскага генерала Горна трапіла ў палон да літоўскага рэферэндара Аляксандра Гасеўскага пры заняцці ім крэпасці Белай на Смаленшчыне ў 1610 годзе. Пры асадзе Смаленску ў 1634 годзе пад камандай апошняга знаходзілася шатландская драгунская харугва (200 чалавек).

Паступова шкоты асіміляваліся мясцовым насельніцтвам, прымалі традыцыйныя беларускія імёны і прозвішчы. Так, у рэестры пінскіх купцоў (1620-я) пералічаныя 4 шкоты: «Томило Олешкович; Петр Шимкович; Олешко Охремович; Луцъя Литвинович».

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумара тома
Катэгорыя·Народы Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Шатландцы
Катэгорыя·Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Народы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Народы Літвы
Катэгорыя·Гісторыя Рэчы Паспалітай