Шко́льнае, Ка́мень (Каменскае[1]) — возера ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці, за 20 км на паўночны ўсход ад горада Лепель, каля аграгарадка Камень, у басейне ракі Дзіва.
Плошча паверхні 0,22 км². Даўжыня 0,74 км, найбольшая шырыня 0,49 км. Найбольшая глыбіня 5,2 м, сярэдняя — 3,2 м. Даўжыня берагавой лініі 2,08 км. Аб’ём вады ў возеры 0,7 млн м³. Плошча вадазбору 6,9 км².
Схілы катлавіны вышынёй 3—5 м, разараныя, на поўдні месцамі да 15 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя, участкамі сплавінныя. Пойма на поўначы і поўдні шырынёй 10—15 м, на захадзе і ўсходзе 150—250 м, забалочаная і парослая хмызняком. Дно да глыбіні 2—2,5 пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыбіні 2 м. Упадаюць 6 ручаёў, на ўсходзе выцякае ручай у возера Чаросава.