wd wp Пошук:

Цьеры Мюглер

Цьеры Мюглер (польск.: Thierry Mugler, 21 снежня 1948, Страсбур — 23 студзеня 2022, Венсен) — французскі мадэльер і фатограф, стваральнік моднага дому свайго імя.

Біяграфія

Цьеры Мюглер нарадзіўся ў Страсбургу. Любіў маляваць, чым вучыцца. Ва ўзросце 9 гадоў Цьеры пачаў займацца класічным танцам і ў 14 гадоў быў прыняты ў кардэбалет Рэйнскай оперы. Зацікавіўшыся дызайнам, некаторы час вучыўся ў Страсбургскай школе дэкаратыўных мастацтваў, меў намер заняцца дызайнам інтэр’ераў. У 1969 годзе Мюглер пераехаў у Парыж, дзе пачаў працаваць модным стылістам.

У 1973 годзе Мюглер стварыў сваю першую калекцыю жаночага адзення пад назвай Café de Paris. Асноўнымі яе дамінантамі быллі матывы пяцідзясятых гадоў з характэрным акцэнтам на таліі, а таксама строгасць і выразнасць форм, уласцівая модзе саракавых. Гэтыя рэтра-элементы мадэльер напоўніў сучасным гучаннем, дадаўшы выявы агрэсіўнай сэксуальнасці і жаноцкасці, што стала характэрным для яго стылю. У 1977 годзе ён прадставіў публіцы сваю першую «калекцыю-спектакль», а ў 1978 годзе адкрыў свой першы буцік па адрасе Плошча Перамог, дом № 10.

У 1984 годзе адзначыў 10-гадовы юбілей сваёй творчай дзейнасці паказам калекцыі ў толькі што пабудаванай зале «Зеніт», на якой прысутнічала 6 тысяч гледачоў.

У пачатку 1990-х стаў запрошаным членам Сіндыката высокай моды. У 1992 годзе ў гатэлі «Рыц» была паказана яго першая калекцыя haute couture (восень-зіма 92/93). У тым жа годзе Мюглер узначаліў парфумернае падраздзяленне свайго моднага дому, створанае ў супрацоўніцтве з канцэрнам Clarins, і выпусціў духі «Анёл». Тады ж стварыў чорную абліпальную сукенку, у якой Дэмі Мур знялася ў фільме «Непрыстойная прапанова», а годам раней удзельнічаў у стварэнні кліпа спевака Джорджа Майкла «Too funky», дзе абраныя ім топ-мадэлі дэфіліравалі ў яго ўборах.

У 1995 годзе мадэльер адзначыў 20-годдзе свайго дома грандыёзным паказам моды ў парыжскім Зімовым цырку, на якім прысутнічала мноства зорак эстрады і кіно. Неўзабаве пасля гэтага ён пакінуў свет высокай моды і пераехаў у Нью-Ёрк, дзе пачаў працаваць як мастак па касцюмах для тэатра і кіно, фатограф і дызайнер парфумерных флаконаў. Мюглер ствараў касцюмы для выступленняў Цырка Дзю Салей, у 2009 годзе ён стаў персанальным стылістам Беёнсэ і пачаў ствараць касцюмы для сцэнічных выступленняў спявачкі.

Мюглер кіраваў вытворчасцю адзення prêt-à-porter «Цьеры Мюглер» да 2002 года, калі ў кампаніі пачалі ўзнікаць праблемы, а парфумернай студыяй — да 2013 года. У 2015 годзе гэты дызайнер выпусціў першую калекцыю сумак пад сваім імем. Схільны да тэатральнасці, ён ператвараў кожнае дэфіле ў феерычнае шоу. Увасабленнем ідэальнай жаночай прыгажосці для Мюглера стала мадэль Джэры Хол.

Пасля свайго сыходу са свету моды ён пачаў жыць пустэльнікам і пачаў прадстаўляцца сваім другім асабістым імем (Манфрэд). Актыўна займаўся бодыбілдынгам. Пасля таго, як у трэнажорнай зале Мюглер выпусціў сабе на галаву штангу, яго твар падвергнуўся ўмяшанню пластычных хірургаў і сур’ёзна змяніўся.

Цьеры Мюглер памёр ад натуральных прычын 23 студзеня 2022 года ва ўзросце 73 гадоў.

Зноскі

  1. 1 2 https://wwd.com/fashion-news/fashion-features/french-fashion-designer-manfred-thierry-mugler-dies-1235049437/ Праверана 24 студзеня 2022.
  2. https://www.elle.fr/Mode/Les-news-mode/Le-celebre-couturier-Thierry-Mugler-est-decede-3982644
  3. https://www.mariefrance.fr/culture/manfred-thierry-mugler-styliste-couturier-francais-588293.html
  4. 1 2 https://www.lemonde.fr/disparitions/article/2022/01/24/le-createur-de-mode-thierry-mugler-est-mort-a-73-ans_6110679_3382.html
  5. 1 2 3 Fichier des personnes décédées Праверана 12 сакавіка 2022.
  6. Le Monde // Le MondeParis: Societe Editrice Du Monde, 2022. — ISSN 0395-2037; 1284-1250; 2262-4694
  7. http://www.landrucimetieres.fr/spip/spip.php?article3071
  8. RKDartists Праверана 25 чэрвеня 2020.
Тэмы гэтай старонкі (12):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў 2022 годзе
Вікіпедыя:Асобы, якія памерлі менш за год таму
Памерлі ў Венсене
Вікіпедыя:Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Нарадзіліся 21 снежня
Памерлі 23 студзеня
Нарадзіліся ў 1948 годзе
Асобы
Пахаваныя на могілках Пер-Лашэз
Нарадзіліся ў Страсбуры
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных