«Хрысціянскія мучанікі ў Калізеі» (руск.: Христианские мученики в Колизее) — буйнафарматная карціна рускага мастака Канстанціна Флавіцкага (1830—1866), скончаная ў 1862 годзе. Яна з’яўляецца часткай збору Дзяржаўнага Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу (інв. Ж-5688). Памер карціны — 385 × 539 см[1][2][3].
Палатно было завершана Флавіцкім у Італіі, у апошні год яго пенсіянерскай паездкі за мяжу (1855—1862). Пасля яго вяртання ў Расію карціна экспанавалася на Акадэмічнай выстаўцы 1863 года. За яе Акадэмія мастацтваў прысвоіла Флавіцкаму званне ганаровага вольнага супольніка[4][5].
Сюжэт гэтага твора звязаны з ранняй гісторыяй хрысціянства, а асноўнай ідэяй было праслаўленне гераічнасці ў імя веры і перакананняў. Сучаснікамі і пазнейшымі даследчыкамі творчасці Флавіцкага адзначаўся значны ўплыў на гэту карціну твораў Карла Брулова і ў першую чаргу яго эпічнага палатна «Апошні дзень Пампеі»[2][6].