Харацыёпсіс (Characiopsis) — род аднаклетачных жоўта-зялёных водарасцей сямейства харацыёпсавых.
Клеткі рознай формы, прамыя або крыху сагнутыя, скучаныя, прымацаваныя да субстрату пры дапамозе дыска або ножкі. Абалонка тонкая або тоўстая, гладкая, часам з патаўшчэннем на верхнім канцы ў выглядзе сасочка, бародаўкі або шыпа. Хларапласты (ад аднаго да мноства) прысценныя, карытападобныя, пласціністыя або дыскападобныя, без пірэноідаў. Клетачнае ядро часцой адно. У цытаплазме ёсць алей, тлушч, лейказін, хрызаламінарын.
Вядома некалькі дзясяткаў відаў, пашыраных у прэсных вадаёмах і глебе. Эпіфіты на водарасцях і вышэйшых водных раслінах, трапляюцца на жывёлах, часцінках дэтрыту і іншых субстратах у вадзе.
Размнажэнне бясполае — зааспорамі, аўтаспорамі, апланаспорамі. Утвараюць цысты з вельмі тоўстай абалонкай.